Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Іране арыштавалі замежных дыпляматаў праз падазрэньне ў шпіянажы


Здымак, распаўсюджаны дзяржаўнымі СМІ Ірану, дзе людзей на фота называюць замежнымі дыпляматамі-шпіёнамі
Здымак, распаўсюджаны дзяржаўнымі СМІ Ірану, дзе людзей на фота называюць замежнымі дыпляматамі-шпіёнамі

Рэвалюцыйная гвардыя Ірану арыштавала некалькіх замежных дыпляматаў, у тым ліку брытанца, абвінаваціўшы іх у «шпіянажы», паведаміла ў сераду інфармацыйнае агенцтва Fars і дзяржаўная тэлевізія.

Гэтыя падзеі супадаюць з узмацненьнем напружанасьці паміж афіцыйным Тэгеранам і іншымі дзяржавамі праз даўнія спробы аднавіць ядзерную праграму 2015 году і нядаўні рост затрыманьняў у Іране грамадзян заходніх дзяржаў, піша France24.

«Служба выведкі Рэвалюцыйнай гвардыі выявіла і арыштавала дыпляматаў з замежных амбасадаў, якія шпіёнілі ў Іране», — напісала агенцтва Fars, дадаўшы, што пасьля гэтага брытанскага дыплямата выслалі з краіны. Аднак дзяржаўная тэлевізія паведаміла, што брытанец, ідэнтыфікаваны як Джайлз Ўітакер, намесьнік кіраўніка місіі ўраду Вялікай Брытаніі ў Іране, быў высланы толькі з «зоны», дзе былі арыштаваныя дыпляматы, у цэнтральным Іране.

Дзяржаўная тэлевізія абвінаваціла яго ў «правядзеньні выведных апэрацый» у раёнах з вайсковымі аб’ектамі. Відэа паказала выявы чалавека, названага як Ўітакер, які размаўляе ў пакоі. Але брытанскі ўрад адмаўляе, што нехта зь яго пэрсаналу быў арыштаваны, назваўшы паведамленьні «цалкам ілжывымі».

На іранскай тэлевізіі сказалі, што брытанец «быў сярод тых, хто адправіўся ў пустэльню Шахдад са сваёй сям’ёй у якасьці турыстаў», маючы на ўвазе раён у цэнтральным Іране.

«Як відаць на здымках, гэты чалавек рабіў фота ў забароненай зоне, дзе ў той жа час праходзілі вайсковыя вучэньні», — сказаў тэлевяшчальнік.

Колькасьць, грамадзянства і дата арышту іншых затрыманых дыпляматаў няясныя. Але іранская тэлевізія заявіла, што «мабыць, Ізраіль хоча даведацца пра магчымае вайсковае прызначэньне ядзернай праграмы Ірана, выкарыстоўваючы грамадзян трэціх краін, якія зьвязаны з замежнымі амбасадамі».

Ізраіль катэгарычна выступае супраць ядзернага пагадненьня 2015 году паміж Іранам і сусьветнымі дзяржавамі, успрымаючы яго як прамую пагрозу сваёй бясьпецы.

Таксама іранскія прапагандысты паказалі выявы чалавека, якога назвалі як «Мацей Вальчак, кіраўнік катэдры мікрабіялёгіі Ўнівэрсытэту Мікалая Каперніка ў Польшчы. Гэты ўнівэрсытэт зьвязаны з сыянісцкім рэжымам». Яго вінавацяць у тым, што падчас ракетных выпрабаваньняў ён узяў пробы пароды і глебы.

Таксама тэлевізія прадставіла яшчэ аднаго чалавека, названага «Рональдам, сужэнцам дарадцы ў культуры аўстрыйскай амбасады», які нібыта адправіўся ў вёску ў раёне Дамган на ўсход ад Тэгерану і «ўзяў узоры горных парод». Яго таксама абвінавацілі ў «здымках вайсковай тэрыторыі ў Тэгеране».

Ядзернае пагадненьне

ЗША выйшлі зь ядзернай угоды з Іранам у 2018 годзе пры тагачасным прэзыдэнце Дональдзе Трампе, які аднавіў жорсткія санкцыі супраць Тэгерану, што прымусіла апошняга адмовіцца ад многіх ядзерных абавязаньняў, узятых на сябе ў рамках пагадненьня. Іран вёў непасрэдныя перамовы з астатнімі ўдзельнікамі пагадненьня і ўскосныя перамовы з ЗША з красавіка 2021 году ў спробе аднавіць яе, але гэтыя перамовы зайшлі ў тупік з сакавіка.

Больш за дзясятак заходніх грамадзян утрымліваюцца ў няволі ў Іране, што, падобна, зьяўляецца палітыкай захопу закладнікаў, накіраванай на патрабаваньне саступак з боку Захаду.

У мінулым месяцы Amnesty International заклікала брытанскі ўрад расьсьледаваць шасьцігадовае зьняволеньне Іранам Назанін Загары-Рэткліф з падвойным грамадзянствам, назваўшы гэта «актам захопу закладнікаў». Яе адпусьцілі ў Вялікую Брытанію разам з іншым затрыманым у пачатку гэтага году пасьля таго, як Лёндан пагадзіўся выплаціць даўні доўг Тэгерану.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG