Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За год у Іране пакаралі сьмерцю як мінімум 15 жанчын


Іранскія жанчыны, сьнежань 2021

Паводле зьвестак праваабаронцаў, паўтара дзясятка жанчын у Іране сёлета павесілі. Большасьць зь іх асудзілі за забойства свайго мужа ці партнэра, якія прымянялі гвалт.

Ісламскі «закон адплаты», што дзейнічае ў Іране, вядомы як «кесас», абвяшчае, што пасьля забойства неабходна адабраць яшчэ адно жыцьцё, калі сям’я ахвяры не даруе ці не прымае кампэнсацыю ад забойцы. На практыцы гэта азначае, што ніякія зьмякчальныя абставіны, такія як гвалт у сям’і, не прымаюцца судом да ўвагі, піша BBC.

Па дадзеных Iran Human Rights, няўрадавай арганізацыі, якая базуецца ў Осла і сочыць за прымяненьнем сьмяротнага пакараньня ў Іране, адной з апошніх павешаных жанчын была Сьюзан Рэзайпур, пакараная сёлета 27 кастрычніка за забойства свайго мужа, які таксама быў ёй стрыечным братам. Жанчына правяла ў турме 6 гадоў і была пакараная пасьля таго, як найбліжэйшыя сваякі ахвяры, у тым ліку яе родны дзядзька па кудзелі, адмовіліся дараваць ёй. На судзе Сьюзан Рэзайпур заявіла, што ў дзень забойства муж быў моцна п’яны і пабіў яе так, што яна больш не змагла трываць.

Паводле дадзеных арганізацыі, толькі сёлета ў Іране пакаралі сьмерцю сама меней 15 жанчын, а ўсяго з 2010 году — як мінімум 170.

Дырэктар Iran Human Rights Махмуд Аміры Магхадам кажа, што «кесас» несумяшчальны зь міжнародным правам, паколькі дае права прымаць рашэньне аб пакараньні сям’і ахвяры, хоць суд павінен улічваць і паказаньні сям’і забойцы.

«Яны часта вельмі бедныя, неадукаваныя, а іх уласныя сем’і гатовы адмовіцца ад іх», — кажа Роя Баруманд, сузаснавальнік цэнтру Абдарахмана Баруманда, які базуецца ў Вашынгтоне. Па дадзеных цэнтру, большасьць пакараньняў сьмерцю жанчын за забойства зьвязаныя якраз з гвалтам у сям’і, раньнімі шлюбамі і спрэчкамі пры разводзе. Другая прычына — абвінавачаньні, зьвязаныя з наркотыкамі.

Іранская інтэлігенцыя выступае за адмену сьмяротнага пакараньня ў краіне, аднак пакуль у колькасьці пакараных сьмерцю Іран саступае толькі Кітаю. Праваабаронцы гавораць, што судовая сыстэма Ірану дыскрымінуе жанчын: так, узрост, зь якога надыходзіць крымінальная адказнасьць, для дзяўчат вызначаны ў 9 гадоў, для хлопчыкаў — у 15 гадоў. А паказаньням жанчын заўсёды надаецца меншая юрыдычная вага, чым словам мужчын.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG