Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 6 ліпеня: Крымінальная справа за камэнтар у сацсетках: «Бродячий цирк русского победобесия»


Сілавікі ў Менску, 2020 год
Сілавікі ў Менску, 2020 год

Рэпрэсіі ў дачыненьні да беларусаў працягваюцца.

У Менску затрымалі 50-гадовага Уладзімера Рыдуху за камэнтар у сацсетках, паведамляюць праваабаронцы.

Ён пакінуў камэнтар пад допісам у сацсетках, у якім беларусаў запрашалі наведаць музэй на колах «Цягнік перамогі». Пад гэтай публікацыяй ён напісаў: «Бродячий цирк русского победобесия».

У праўладным тэлеграм-канале напісалі, што прычына затрыманьня Ўладзімера Радухі — «Абраза памяці подзьвігу народа ў Вялікай Айчыннай вайне».

Таксама пазначана, што на яго завялі крымінальную справу. Ці ён затрыманы і які дакладна артыкул яму інкрымінуюць, пакуль невядома.

За чэрвень па «пратэставых» крымінальных справах асуджана ня менш за 86 чалавек

З чэрвеньскага маніторынгу «Вясны», які тычыцца палітычна матываваных крымінальных спраў у Беларусі, вынікае, што:

  • Па «пратэставых» крымінальных справах асуджана ня менш за 86 чалавек: суадносіны асуджаных мужчын і жанчын складае 60,46% і 39,54% адпаведна;
  • Ім агулам прысудзілі 109 гадоў і 4 месяцы зьняволеньня, 53 гады і 6 месяцаў «хіміі», 73 гады і 6 месяцаў «хатняй хіміі», 3 месяцы арышту, 3 200 рублёў штрафу ў якасьці асноўнага і 27 520 рублёў у якасьці дадатковага пакараньня;
  • Да 2 чалавек суды ўжылі прымусовыя захады бясьпекі і лячэньня ў псыхіятрычным стацыянары.

Пакараньне па палітычна матываваных крымінальных справах, зьвязанае з пазбаўленьнем волі, яе абмежаваньнем у выглядзе «хіміі», «хатняй хіміі», прымусовымі мерамі бясьпекі і лячэньня ў псыхіятрычным стацыянары суды ўжывалі ў 98,87% выпадках асуджэньня фігурантаў «пратэставых» спраў у чэрвені.

У Беларусі заблякавалі доступ да сайтаў дапамогі палітвязьням

Пракурор горада Менска вынес пастанову аб абмежаваньні доступу да сайтаў «vklеtochku.оrg» і «pоlitzek.mе»

З дапамогай ініцыятывы «Вклеточку» можна было ў анлайн-фармаце напісаць ліст палітвязьню.

Мікалая Статкевіча ў калёніі паставілі на ўлік як «схільнага да экстрэмізму»

Жонка Мікалая Марына Адамовіч распавяла «Радыё Рацыя» апошнія навіны пра зьняволенага мужа.

«Мікола адразу напісаў заяву на адзіночнае ўтрыманьне з сувязі з пагрозамі ад адміністрацыі і супрацоўнікаў. Гэта дастаткова звычайны падыход, бо ён мае ўжо вялікі жыцьцёвы досьвед таго, што зь ім выпадковыя людзі ніколі не сядзяць.

Мікалай зрабіў вельмі цяжкі выбар, і для мяне цяжка сябе ўявіць — чалавек, які ўжо 2 гады знаходзіцца адзін вырашаецца такім рашучым спосабам працягваць свой уласны супраціў. Прынамсі яшчэ на працягу мінімум трох год. Бо асаблівы рэжым — гэта такая схаваная турма. Асаблівы рэжым прадугледжвае на працягу ня менш, чым траціны тэрміну, камэрнае ўтрыманьне. То бок тое самае, што яны мелі ў СІЗА, толькі без перадачак, без двух асобных шпацыраў, і гэтак далей».

Мікола Статкевіч быў асуджаны на 14 гадоў зьняволеньня. Нядаўна яго этапавалі ў калёнію ў Глыбокім — адну з самых жорсткіх у Беларусі.

Два гады «хатняй хіміі» за адно слова на адрас сілавікоў

Праваабаронцам сталі вядомыя вынікі судовага разгляду па справе Сьвятланы Трапковай, якую абвінавачвалі ў «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК).

Справу разглядаў судзьдзя Алег Каляда, бок дзяржабвінавачваньня падтрымліваў пракурор Мікалай Дзяцел.

Згодна з абвінавачваньнем, 51-гадовая жанчына з мэтай «надуманай помсты работнікам органаў унутраных спраў» і з матываў «ідэалягічнай і палітычнай варожасьці, зьвязанай з электаральнай кампаніяй у Рэспубліцы Беларусь», напісала пад фотаздымкам міліцыянтаў Дзьмітрыя Таразевіча і Сяргея Каляды камэнтар «Мрази».

Са слоў лейтэнанта Таразевіча, камэнтар Сьвятланы нанёс яму «маральныя пакуты», якія ён ацаніў у 1000 рублёў.

Другі «пацярпелы», маёр Каляда, сьцьвярджаў, што камэнтар Сьвятланы таксама прычыніў яму «маральныя пакуты», якія ён ацаніў у 1000 рублёў.

Палітзьняволеную пэнсіянэрку Алену Гнаўк ужо два тыдні ўтрымліваюць у карцары

65-гадовую берасьцейскую актывістку Алену Гнаўк адміністрацыя баранавіцкага СІЗА пакарала «суткамі» ў карцары. Яна мела выйсьці адтуль 1 ліпеня, але яе ня выпусьцілі. Агулам жанчына застаецца ў карцары ўжо два тыдні, паведамляе «Вясна».

Прычына пакараньня — адмова Гнаўк выконваць нейкае правіла СІЗА. Але яна ня страчвае бадзёрасьці духу і нават пачала пісаць кнігу «Рэпартаж з карцару».

17 чэрвеня палітзьняволеную асудзілі на тры з паловай гады калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і далі штраф 3200 рублёў.

Алену Гнаўк прызналі вінаватай паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 367 (паклёп на Лукашэнку) і арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) за восеньскія пасты ў Фэйсбуку і Інстаграме пра курдзкія сем’і і становішча мігрантаў у Беларусі.

Ад 2020 году пэнсіянэрку мэтанакіравана цкавалі: затрымлівалі і арыштоўвалі паводле адміністрацыйных артыкулаў 17 разоў, штрафавалі агулам на 173 базавыя велічыні, дома праводзілі ператрусы, асудзілі ў «справе карагодаў» і за абразу Лукашэнкі паводле крымінальных артыкулаў. Пад вартай Алена Гнаўк утрымліваецца ўжо амаль паўгода.

Мікола Маркевіч у шпіталі

Паводле інфармацыі ТГ-каналу «Право имеют», асуджаны 24 чэрвеня на 10 сутак адміністрацыйнага арышту за перапост «экстрэмісцкіх матэрыялаў» Мікола Маркевіч адбыў пакараньне ня цалкам.

За суткі да заканчэньня арышту ён быў шпіталізаваны. Паводле стану на 5 ліпеня ён яшчэ заставаўся ў шпіталі. Падрабязнасьці пакуль невядомыя.

Маркевіч — заснавальнік і галоўны рэдактар газэты «Пагоня». Быў удзельнікам галадоўкі дэпутатаў Вярхоўнага Савету ў 1995 годзе. Цяпер займаецца пасажырскімі перавозкамі ў фірме «Клас-Тур».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG