«Моцна схуднеў, становіцца шэрым». Інвалід II групы Гундар 8-ы дзень трымае сухую галадоўку ў карцары

Уладзімер Гундар, архіўнае фота 2016 году
Уладзімер Гундар, архіўнае фота 2016 году

29 чэрвеня 61-гадовы фігурант «справы Аўтуховіча», баранавіцкі актывіст Уладзімер Гундар абвясьціў сухую галадоўку на знак пратэсту супраць няспынных зьдзекаў сілавікоў і парушэньня сваіх правоў. Спыніць яе палітзьняволены зьбіраецца пасьля выхаду з карцару, куды яго «за дрэнныя паводзіны» зьмясьцілі 30 чэрвеня на 10 сутак.

На мінулым тыдні сваякі палітвязьня паведамлялі, што за нязгоду Ўладзімера зьняць адзеньне на «прасьвечваньне» рэнтгенам перад уваходам у судовую залю да яго прымянялі катаваньні — на працэс палітзьняволенага прывялі ў адных майтках, а ягоныя рукі сілавікі прышпілілі да кратаў клеткі ў расьцяжцы.

6 ліпеня жонка Ўладзімера Алена Гундар расказала апошнія навіны пра мужа.

«Калі Валодзю 29-га пасьля катаваньняў выдалілі з судовай залі, тады яго адправілі спачатку ў такую „папярэднюю“ камэру, у якой яны знаходзяцца падчас суду. Там трымалі ў кайданках і зацягвалі іх так, што рукі ў Валодзі былі сінія. Ён, канечне, не стрымаўся. Лаяўся на іх (сілавікоў). Тады яны перавялі Валодзю ў іншую камэру ў падвале і там пачалі здымаць на відэа, як ён лаецца. Я так зразумела, што і гэта была падстава для таго, каб яго адправіць у карцар», — расказала Алена Гундар.

Паводле яе слоў, перад тым як Уладзімера зьмясьцілі ў карцар, яму ўкалолі «псыхатроп». Пасьля чаго ён альбо заснуў, альбо страціў прытомнасьць, кажа Алена.

«На наступны дзень Валодзя паведаміў, што адчувае сябе дрэнна ад дзеяньня тых „лекаў“. І толькі 1 ліпеня пачаў ужо больш-менш сябе адчуваць нармальна», — расказала жанчына.

Нягледзячы на тое, што Ўладзімера Гундара зьмясьцілі ў карцар, яго працягваюць прыводзіць на судовыя паседжаньні.

Так, з мужам Алена пабачылася апошні раз на судзе ў панядзелак 5 ліпеня.

«Менавіта тады на судзе ён расказаў пра свае катаваньні і паказаў сінякі, якія засталіся ў яго на руках ад кайданкоў. Судзьдзя пакорліва ўсё выслухаў і сказаў, што гэта ня мае ніякіх адносін да тэмы суду. Прэтэнзіі, хадайніцтвы, заявы абвінавачаных — усё гэта не па сутнасьці справы, — патлумачыла Алена Гундар. — Потым Аўтуховіч агучыў сваё хадайніцтва і выказаў адвод пракурорам. Судзьдзя таксама выслухаў і сказаў, што яго прэтэнзіі ня маюць падставы. То бок ні абвінавачаныя, ні адвакаты там ня маюць ніякага слова. Усё, што яны скажуць, усё адхіляецца».

Паводле Алены, зараз у судзе чытаюць матэрыялы справы, якія складаюць 65 тамоў (200–300 старонак у кожным). Пакуль што зачытваўся толькі 9-ы.

Сёньня Алена Гундар даведалася, што Ўладзімер выглядае кепска.

«Валодзя становіцца шэры. Вельмі схуднеў. Адвакатка патрабавала, каб яго паглядзеў проста на паседжаньні доктар. Той вымераў ціск, сказаў, што 138 на 80. Аднак абязводжваньня арганізму, па словах лекара, нібыта няма. А як гэта няма?! — кажа Алена. — Калі ён столькі дзён ня п’е вады, але, паводле іх (доктара і адміністрацыі), «гэта нічога страшнага». Яны кажуць — «ён жа сам добраахвотна, мы яго не прымушаем, хай бы пачаў есьці».

Лекар казаў Алене (дадае яна), што Ўладзімер, аднак, п’е ваду. Сам палітзьняволены абверг гэта.

«Плюс у карцары туалет такі, як на вакзале, калі трэба дзьвюма нагамі станавіцца. (Ва Ўладзімера Гундара ампутаваная нага, у яго гіпэртанія і судзінкавае захворваньне. — РС) Валодзя на адной назе ня можа гэтым туалетам карыстацца — гэта таксама зьдзек».

​
XS
SM
MD
LG