Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пляваць на законы, калі гінуць дзеці!». Беларус ваюе за Расею і езьдзіць у адпачынак дахаты


Сяргей Ланавенка
Сяргей Ланавенка

Жыхар Асіповічаў Сяргей Ланавенка «ня мог застацца ўбаку» і паехаў ваяваць на Данбас — за Расею. Крымінальны кодэкс пагражае беларусам за найміцтва 7 гадамі турмы. Але Ланавенка спакойна прыяжджае ў Беларусь з фронту на «кароткачасовы адпачынак». І нават раздае камэнтары.

«Я прыехаў у кароткачасовы адпачынак»

Супрацоўніца дзяржаўнай газэты «Мінская праўда» Алена Курхінен запісала інтэрвію зь «беларускім добраахвотнікам» Сяргеем Ланавенкам.

Ён кажа, што ваюе на Данбасе ў складзе войска «ДНР» і прыехаў у Асіповічы на адпачынак. Журналістка сустрэлася зь ім на сьвяткаваньні Дня незалежнасьці 3 ліпеня. Беларус расказвае, што з сакавіка ваюе на баку Расеі, бо «ня мог заставацца ўбаку, сумленьне не дазволіла б».

Ён расказвае, што першапачаткова паехаў у Расею з «гуманітарнай місіяй», «дапамагаць украінскім уцекачам», затым узяў зброю ў рукі. Крымінальны кодэкс Беларусі мае артыкул 133 — удзел на тэрыторыі іншай дзяржавы ў ваенных дзеяньнях. Пакараньне — да сямі гадоў пазбаўленьня волі. Тым ня менш Ланавенка ў вайсковай форме з шаўронамі «ДНР» і літарай «Z» спакойна гуляе па Асіповічах.

«Я разумею, што, можа, я нейкі закон парушаю. У прынцыпе, я гатовы адказаць за гэта. Але напляваць на ўсе законы сьвету, калі гінуць дзеці. Мне па барабану. Я выратаваў шмат дзяцей. І ратую. І ратую сваю краіну, каб сюды не прыйшла „карычневая чума“. У 2020 годзе ўсё да гэтага ішло», — тлумачыць жыхар Асіповічаў.

Ён расказвае, што «ўкраінцы стралялі ў сьпіну мірным, якія хацелі эвакуавацца», што расейскім вайскоўцам дапамагаюць «расейскія і беларускія валянтэры», што ўкраінцы, якіх расейцы «вызвалілі», сустракаюць іх добра. «Нашага Аляксандра Рыгоравіча ня толькі на Данбасе, на ўсёй Украіне проста абагаўляюць! Нам усе зайздросьцяць, што ў нас такі прэзыдэнт. Да беларусаў ставяцца добра, паважаюць», — сказаў найміт.

Хто такі Сяргей Ланавенка?

Ланавенку 46 гадоў, ён жыхар Асіповічаў. Да вайны ва Ўкраіне прытрымліваўся прарасейскіх поглядаў. У 2018 годзе ўдзельнічаў у бойцы, якая пачалася за тое, што Ланавенка хадзіў у футболцы з сымболікай «ДНР».

За тую бойку быў суд. Жыхар Менску Яўген Дзьмітрыеў атрымаў «хімію» за нанясеньне Ланавенку траўмы.

У Беларусі Ланавенка спрабаваў зарэгістраваць прарасейскую партыю «За отечество» і арганізаваць лягер казакоў у Магілёўскай вобласьці. На відэа Алены Курхінен са сьвяткаваньня Дня незалежнасьці Ланавенка ў кампаніі мужчын у казацкай форме.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG