«Эўраопт», EPAM, Wargaming — беларускія ўлады ўвялі санкцыі супраць кампаній з замежным капіталам. Што гэта значыць

Крама «Эўраопт». Ілюстрацыйнае фота
Крама «Эўраопт». Ілюстрацыйнае фота

Замежным акцыянэрам 190 кампаній з замежным капіталам — як юрыдычным, так і фізычным асобам — забаронена нешта рабіць са сваімі актывамі ў Беларусі без дазволу беларускіх уладаў.

Сярод 190 кампаній такія вядомыя, як:

  • «Гейм Стрым» — інвэстар Wargaming Group Limited,
  • EPAM Systems — інвэстар EPAM Systems Cyprys Limited,
  • ОАО «Лідзкае піва» — інвэстар ОАО Olvi зь Фінляндыі,
  • «Эўраопт» — інвэстар «Еўрагандаль Холдзінг» з Кіпру,
  • «Камунарка» — інвэстар з ЗША,
  • «Спартак» — інвэстар з брытанскіх Віргінскіх астравоў,
  • «Дана Астра» — інвэстар з Кіпру,
  • ды іншыя кампаніі з замежным капіталам.

Чым гэта пагражае кампаніям

На розных кампаніях такое рашэньне ўладаў адаб’ецца па-рознаму. Напрыклад, EPAM мае свае прадстаўніцтвы ў розных краінах, і беларуская частка ўжо ня самая буйная. А рашэньне беларускіх уладаў тычыцца толькі беларускай філіі, усе іншыя акцыі спакойна гандлююцца на сусьветных рынках і ім нічога не пагражае.

Для параўнаньня, «Эўраопт» мае ўвесь бізнэс у Беларусі, і цяпер уласьнік ня можа яго прадаць, ні цалкам, ні часткова, без дазволу беларускіх уладаў. Пра гэта гаворыць эканаміст Дзьмітры Крук.

«EPAM складаецца з розных кампаній пад рознымі юрысдыкцыямі, упэўнены, што беларуская частка невялікая. У дадзеным выпадку галоўнаму акцыянэру забараняецца прадаваць ці нешта рабіць зь беларускай часткай. EPAM ужо перавёў значную частку кампаніі за мяжу. А ў „Эўрагандлю“, напрыклад, асноўны актыў — гэта крамы, якія працуюць у Беларусі. Яны могуць прадаць свой кіпрскі актыў, але хто яго набудзе, калі ня змогуць нічога зрабіць з асноўнай часткай бізнэсу — беларускай?» — кажа Дзьмітры Крук.

Санкцыі закранулі тыя кампаніі, якія вырашылі пакідаць свой бізнэс у Беларусі. Хто вырашыў сыходзіць з краіны, запусьцілі гэты працэс раней.

«Цяпер тыя, хто не пачаў выводзіць бізнэс зь Беларусі будуць баяцца гэтым займацца, каб і іх падобныя санкцыі не закранулі. А тыя, хто ўжо пачаў выводзіць бізнэс зь Беларусі, цяпер паскорацца», — кажа Дзьмітры Крук.

У чым лёгіка ўладаў

Паводле Дзьмітрыя Крука, юрыдычныя падставы такога рашэньня ўладаў вельмі сумнеўныя. А рашэньне ўвесьці такія абмежаваньні — палітычны жэст.

«Прамой пагрозы, што менавіта цяпер будуць сыходзіць з рынку гэтыя кампаніі, няма. Хто хацеў, ужо вывеў свой бізнэс. Значная частка тых, хто ў гэтым сьпісе, якраз працуюць на беларускім рынку і прынялі рашэньне захоўваць бізнэс у Беларусі. Для каго гэты крок, незразумела. Улады проста хочуць узяць кампаніі з замежным капіталам пад кантроль, каб яны разумелі, „хто ў хаце гаспадар“, каб яны баяліся нешта рабіць», — мяркуе Дзьмітры Крук.

Як гэтае рашэньне паўплывае на эканоміку

Для нармальнай сытуацыі ў эканоміцы такое рашэньне шкоднае для бізнэс-клімату, але ў Беларусь і да гэтага не зьбіраліся інвэстары.

«Інвэстары і так не бягуць у Беларусь. Усе маскі зьнятыя. Лёгіка — што эканамічныя інструмэнты можна выкарыстоўваць у палітычных мэтах. Эканамічныя меркаваньні ўладаў там таксама могуць прысутнічаць, але яны не дамінуюць», — кажа Дзьмітры Крук.

​
XS
SM
MD
LG