Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаліся пратэсты ў рэгіёне Ўзбэкістану, які хочуць пазбавіць аўтаноміі


У Каракалпакстане — аўтаномнай рэспубліцы, якая ўваходзіць у склад Узбэкістану — пачаліся пратэсты. Іх цэнтрам стала сталіца рэспублікі, горад Нукус. Акцыі прайшлі таксама ў Чымбаі і Муйнаку.

Жыхары Каракалпакстану выступаюць супраць праекту новай рэдакцыі Канстытуцыі Узбэкістану, які быў вынесены на грамадзкае абмеркаваньне 26 чэрвеня. Паводле паправак, з апісаньня статусу Каракалпакскай рэспублікі будзе выдалена слова «сувэрэнная», а таксама прыбяруць згадку пра права Каракалпакстану на аддзяленьне ад Узбэкістану.

Ужо ўвечары 26 чэрвеня, як паведамляюць мясцовыя інфармацыйныя каналы, у сацсетках зьявіліся заклікі да масавых выступленьняў. 27 чэрвеня жыхару Нукусу пісалі, што ў горадзе абмежавалі доступ да мабільнага інтэрнэту. У пятніцу, мяркуючы па відэа, якія публікуе інфармацыйны тэлеграм-канал ORDA, на вуліцах Нукусу сабраліся сама меней сотні людзей са сьцягамі Каракалпакстану.

Дадатковае абурэньне выклікала затрыманьне мясцовага журналіста і актывіста Даўлетмурата Тажымуратава, які таксама заклікаў грамадзян выйсьці на мітынгі супраць праекту паправак у Канстытуцыю. Як пацьвердзіла сястра Тажымуратава, удзень паліцыянты забралі яго з яго дому. Паведамляецца, што пазьней Тажымуратаў быў адпушчаны.

Паводле мясцовых навінавых паблікаў, у Каракалпакстан увялі дадатковыя сілы ўзбэцкай Нацыянальнай гвардыі. Адбыліся затрыманьні людзей.

Міністэрства ўнутраных спраў Узбэкістану зрабіла заяву аб сытуацыі ў Нукусе. У ім дэманстрацыі назвалі незаконнымі, а таксама гаворыцца пра «няправільнае тлумачэньне канстытуцыйных рэформ». «Перад дэманстрантамі выступіў кіраўнік рэспублікі. Людзі пачалі разыходзіцца. Цяпер паліцыянты праводзяць з пратэстоўцамі тлумачальную працу», — гаворыцца ў заяве.

Рэспубліка Каракалпакстан — найбуйнейшы рэгіён Узбэкістану, які займае 40% тэрыторыі краіны. Там пражываюць амаль два мільёны чалавек. У рэспубліцы прызнаюцца дзьве афіцыйныя мовы: каракалпацкая і ўзбэцкая. У раньнія савецкія гады існавала Кара-Калпацкая аўтаномная вобласьць, якая ў 1936 годзе ўвайшла ў склад Узбэцкай ССР. У 1990 годзе Вярхоўная рада Каракалпацкай АССР прыняла Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце. Але ў 1993 годзе быў падпісаны міждзяржаўны дагавор аб уваходжаньні Каракалпакстану ў склад Узбэкістану. Менавіта ў гэтым дагаворы было замацавана права выхаду са складу краіны, прапісанае таксама ў дзейнай Канстытуцыі Узбэкістану.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG