Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ўпершыню абагналі Расею ў пастаўках газу ў Эўропу


Буравая плятформа непадалёк ад Мэрылэнду (ЗША).
Буравая плятформа непадалёк ад Мэрылэнду (ЗША).

У чэрвені эўрапейскія краіны атрымалі больш звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ) з ЗША, чым прыроднага газу з Расеі па трубаправодах.

Пра гэта са спасылкай на кіраўніка Міжнароднага энэргетычнага агенцтва Фатыха Біроля паведамляе сайт reform.by.

«Нядаўняе рэзкае скарачэньне Расеяй паставак прыроднага газу ў ЭЗ азначае, што гэта першы месяц у гісторыі, калі ЭЗ імпартуе больш газу ў форме ЗПГ з ЗША, чым па трубаправодзе з Расеі. Падзеньне расейскай прапановы патрабуе намаганьняў для зьніжэньня попыту ў ЭЗ, каб падрыхтавацца да суровай зімы», — напісаў ён.

Нягледзячы на рост амэрыканскіх паставак, скарачэньне расейскіх прывяло да зьніжэння імпарту газу ў Эўразьвяз. Паводле дадзеных МЭА, краіны Эўропы ў чэрвені атрымалі каля 10 млрд кубамэтраў, у той час як у траўні пастаўкі складалі каля 13 млрд кубамэтраў.

Паведамляецца таксама, што «Газпром» скараціў экспарт газу на 31% за межы СНД.

У першым паўгодзьдзі «Газпром» істотна скараціў здабычу газу і яго экспарт за межы СНД. Усяго ў студзені-чэрвені кампанія здабыла 238 400 млн кубамэтраў, што на 8,6% менш, чым летась.

«Экспарт у краіны далёкага замежжа склаў 68 900 млн куб. м — на 31% менш, чым за той жа пэрыяд 2021 году. „Газпрам“ пастаўляе газ паводле пацьверджаных заявак», — гаворыцца ў паведамленьні расейскай кампаніі.

У ім таксама заяўляецца аб росьце паставак газу ў Кітай. За паўгода яны вырасьлі на 63,4%. Аб’ём паставак у фізычным выражэньні не называецца.

У «Газпраме» адзначылі, што запасы газу ў эўрапейскіх сховішчах на 29 чэрвеня папоўнены на 31,9 млрд кубамэтраў. Для дасягненьня ўзроўню запоўненасьці ПСГ пачатку сэзона адбору 2019/2020 году кампаніям трэба будзе запампаваць яшчэ 40 500 млн куб. м газу. Эўразьвяз у першым паўгодзьдзі зьнізіў спажываньне газу на 27 млрд кубамэтраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG