У карцар 61-гадовага фігуранта «справы Аўтуховіча» палітвязьня Ўладзімера Гундара зьмясьцілі 30 чэрвеня.
«Валодзя трымае сухую галадоўку. Я напісала яму ліст, дзе прасіла гэта не рабіць, але ён перадаў усім падзяку за падтрымку, папрасіў прабачэньня і пацьвердзіў, што будзе галадаць», — расказала выданьню BPN жонка палітвязьня Алена Гундар.
Жанчына адзначыла, што на момант сустрэчы з адвакатам яе муж пачуваўся няблага, аднак сухая галадоўка вельмі небясьпечная для яго: праз гіпэртанію трэба рэгулярна прымаць лекі, што немагчыма без вады.
Як стала вядома Свабодзе, у карцар Гундара 30 чэрвеня накіравалі на 10 дзён.
Баранавіцкі актывіст Уладзімер Гундар абвясьціў сухую галадоўку 29 чэрвеня ў знак пратэсту супраць няспынных зьдзекаў сілавікоў і парушэньня сваіх правоў.
Раней сваякі палітвязьня паведамлялі, што за нязгоду Ўладзімера зьняць адзеньне на «прасьвечваньне» рэнтгенам перад уваходам у судовую залю да яго прымяняліся катаваньні — на працэс палітвязьня прывялі ў адных майтках, а ягоныя рукі сілавікі прышпілілі да кратаў клеткі ў расьцяжцы.