Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым будзе займацца Чэхія падчас свайго старшынства ў ЭЗ? Украіна стане галоўнай тэмай, але ня толькі


Пэтар Фіяла
Пэтар Фіяла

Упершыню з 2009 году Чэхія паводле ратацыі зноў становіцца кіраўніком Рады ЭЗ.

Пра тое, як урад Чэскай Рэспублікі плянуе распарадзіцца паўнамоцтвамі старшыні Эўразьвязу, піша DW.

Экс-прэм’ер-міністар Чэхіі Андрэй Бабіш не зьбіраўся траціць шмат грошай на, як ён казаў, «балбатню з закускай». Падрыхтоўка да старшынства яго краіны ў Радзе ЭЗ, якой эўраскептык Бабіш павінен быў займацца ў 2021 годзе, ня мела ў яго вачах асаблівай важнасьці. На гэтую падрыхтоўку ён плянаваў выдаткаваць толькі траціну сумы, якую Чэская Рэспубліка выдаткавала на арганізацыю свайго першага старшынства ў ЭЗ у 2009 годзе.

Аднак у лістападзе 2021 году лібэральна-кансэрватыўная кааліцыя зь пяці партый, якая сфармавалася вакол унівэрсытэцкага прафэсара Пятра Фіялы, скінула папулісцкага мультымільярдэра Бабіша з пасады прэм’ера. Новы кіраўнік чэскага ўраду Фіяла, палітоляг паводле адукацыі, адразу ж заняўся больш сур’ёзнай падрыхтоўкай да старшынства яго краіны ў ЭЗ, разглядаючы яго як магчымасьць для Чэскай Рэспублікі праявіць сябе на эўрапейскай сцэне.

Украіна і Інда-Ціхаакіянскі рэгіён

Міністар замежных спраў Чэхіі Ян Ліпаўскі зь Пірацкай партыі ня мае ілюзій. Вайна Расеі супраць Украіны — гэтаксама, як і падчас старшынства ў Радзе ЭЗ папярэдніцы Чэхіі Францыі, — будзе вызначаць парадак дня, упэўнены ён. Для ўласных акцэнтаў магчымасьцяў Прага будзе мець мала.

Перш за ўсё размова ідзе аб падтрымцы Ўкраіны, захаваньні адзінства ЭЗ, прасоўваньні санкцый і пераадоленьні эканамічных наступстваў вайны. І ўсё ж Ліпаўскі, паводле яго, хоча ўдзяліць увагу і падтрымцы іншых рэгіёнаў сьвету, напрыклад Інда-Ціхаакіянскага, і актыўна ўдзельнічаць у перамовах ЭЗ аб заключэньні гандлёвых пагадненьняў з Аўстраліяй, Новай Зэляндыяй і Інданэзіяй.

Кіраўнік МЗС Чэхіі таксама мае намер пачаць перамовы аб уступленьні ў ЭЗ з Чарнагорыяй і Альбаніяй. Ён спадзяецца, што і Грузія выканае да канца году ўмовы для атрыманьня статусу краіны-кандыдата, як раней Украіна і Малдова. «У Грузіі ёсьць унікальная магчымасьць паскорыць свае рэформы, скарыстацца імпульсам і стаць часткай працэсу пашырэньня», — сказаў Ян Ліпаўскі на апошняй сустрэчы міністраў замежных спраў краін – сяброў ЭЗ у Люксэмбургу.

Цеснае супрацоўніцтва Чэхіі з Польшчай

«Пасьля расейскай агрэсіі ва Ўкраіне сьвет ужо ня будзе ранейшым, і мы хочам узяць актыўны ўдзел у фармаваньні яго новага вобразу. Таму што ў нас ёсьць унікальная магчымасьць напісаць будучыню Эўропы», — кажа прэм’ер-міністпр Чэхіі Пэтар Фіяла. Ягоны ўрад выступае за максымальна жорсткі курс адносна Крамля. Паводле Фіялы, навучыцца гэтаму яму дапамог досьвед, атрыманы самой Чэхіяй ва ўмовах савецкай акупацыі.

Унутры ЭЗ будучы старшыня Рады Эўразьвязу імкнецца да цеснага супрацоўніцтва з нацыянал-кансэрватарамі з кіроўнай у Польшчы партыі «Права і справядлівасьць», напрыклад у пляне закрыцьця межаў для асоб, якія прыбываюць не з Украіны і якія прэтэндуюць на атрыманьне прытулку.

Пры гэтым Чэхіі трэба сачыць за тым, каб Польшча нарэшце пачала прытрымлівацца ўказаньняў ЭЗ у пытаньнях вяршэнства права, «гэта балянсаваньне на нацягнутым канаце», гавораць дыпляматы ў Брусэлі.

Між тым Пэтар Фіяла ўжо даў зразумець, што не падтрымлівае аднаасобных ініцыятыў кіраўніка вугорскага ўраду Віктара Орбана. Апошні некалькі тыдняў перашкаджаў прыняцьцю санкцый ЭЗ супраць Расеі, а затым аслабіў іх узьдзеяньне.

«Вышаградзкай групы», унутры якой Польшча, Чэхія, Славаччына і Вугоршчына ўзгаднялі сваю палітыку ў ЭЗ, больш не існуе.

Пад дэвізам «Эўропа — гэта наша задача»

У аналітычным артыкуле чэскага інтэрнэт-парталу SeznamZprávy гаворыцца, што ўрад у Празе не павінен грэбаваць унутранымі праблемамі 11-мільённага насельніцтва краіны, нягледзячы на ўвагу, якая надаецца старшынству ў ЭЗ. На думку прафсаюзаў, высокія цэны і праблемы з пастаўкамі могуць прывесьці да «гарачай пратэставай восені». Пэтру Фіялу давядзецца быць асьцярожным, каб не паўтарыць лёс свайго папярэдніка ў 2009 годзе і ня страціць большасьць у парлямэнце пасярод тэрміну старшынства Чэхіі ў Радзе ЭЗ.

Пачатак гэтага старшынства будзе адзначаны сьвяточнай прэм’ерай Чэскага філярманічнага аркестру, якая адбудзецца 8 ліпеня ў праскай канцэртнай залі «Рудальфінум». Дэвіз краіны на наступныя паўгода («Эўропа як задача») пазычылі ў першага прэзыдэнта Чэхіі, пісьменьніка і змагара за грамадзянскія правы Вацлава Гавэла, а менавіта зь ягонай прамовы аб шчасьліва аб’яднанай Эўропе, прамоўленай у Ахэне пры ўручэньні Міжнароднай прэміі імя Карла Вялікага ў 1996 годзе — за 8 гадоў да ўступленьня Чэхіі ў ЭЗ.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG