Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Больш ня шлі мне канвэрты». Журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч з пачатку чэрвеня ўжо двойчы трапляў у ШЫЗА


Алег Грузьдзіловіч, 2021 год
Алег Грузьдзіловіч, 2021 год

Журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч днямі выйшаў з другой 10-дзённай адседкі ў ШЫЗА. Пра гэта ён напісаў у лісьце родным, датаваным 23 чэрвеня. Інтэрвал паміж першым і другім карцарамі склаў два дні. За якія дакладна правіны пакаралі палітвязьня, невядома.

«Паміж абставінамі № 1 і № 2 было толькі 2 дні перапынку»

Першы раз Алег трапіў у ШЫЗА 1 чэрвеня — на чацьвёрты дзень пасьля этапаваньня ў Магілёўскую турму № 15. Прабыў 10 дзён у адзіночцы. Потым яго вярнулі ў карантынны корпус, а праз два дні зноў зьмясьцілі ў ШЫЗА. Алег, мабыць, ведаў пра гэта і пасьпеў «эзопавай мовай» паведаміць пра другое пакараньне, што хутка зноў можа трапіць «у камандзіроўку». Ад яго доўга не было лістоў, таму родныя зрабілі выснову, што ён зноў у карцары. І не памыліліся. 27 чэрвеня Мар’яна атрымала ліст, датаваны 23 чэрвеня.

«Нарэшце магу напісаць табе! „Тэхнічныя абставіны“ № 2 закончыліся. Ура! Ці надоўга, ня ведаю, але пакуль „ура!“ Такая няпэўнасьць таму, што паміж абставінамі № 1 і № 2 было толькі 2 дні перапынку... Праехалі, усё нармальна, усе жывыя-здаровыя. Але ёсьць і станоўчае: я вярнуўся ўжо не ў карантын, мяне за гэты час разьмеркавалі ў камэру», — піша ён.

Алег паведамляе, што пакуль у камэры каля 20 чалавек, нары ў два ярусы, ён трапіў на ніжні паверх. У камэры ён найстарэйшы, моладзь яго паважае, дапамагае абжыцца.

«Схадзіў з хлопцамі ў бібліятэку, узяў 5 кніг, у тым ліку самавучыцель па чэскай мове, падручнікі па маляваньні і гісторыі Беларусі, буду займацца і чытаць. Ці буду працаваць, ня ведаю», — піша Алег.

«У вас няма заявы ад мужа, што вы можаце прадстаўляць ягоныя інтарэсы. Можа, паміж вамі дрэнныя адносіны»

Калі ад Алега перасталі прыходзіць лісты, жонка Мар’яна напісала грунтоўны ліст кіраўніцтву калёніі, адправіла яго па пошце і запісалася на 28 чэрвеня на прыём да начальніка папраўчай установы. І хоць напярэдадні, 27 чэрвеня, ліст ад Алега ўжо прыйшоў і жонка ведала пра другое ШЫЗА, свой візыт яна не адмяніла, паехала ў Магілёў. Хацела на ўласныя вочы паглядзець, дзе сядзіць муж, па-чалавечы пагаварыць з кіраўніцтвам калёніі.

Яе ліст начальнік калёніі яшчэ не прачытаў — маўляў, іх прыходзіць вельмі шмат, і спачатку лісты чытаюць памочнікі.

«Асноўны мой пасыл у лісьце быў — каб да Алега ставіліся па-чалавечы. Як „вучылка“ я напісала характарыстыку Алегу, што ён паважаны журналіст, добры сем’янін, прыстойны чалавек», — расказала жонка.

Калі начальнік калёніі даведаўся, што справа тычыцца палітзьняволенага, сказаў: «Усё зразумела». Паклікаў яшчэ аднаго супрацоўніка, маладзейшага — Мар’яна мяркуе, што гэта быў камандзір атраду, у якім сядзіць Алег. Запытаўся, ці падаваў зьняволены Грузьдзіловіч заяву, каб яго інтарэсы хтосьці прадстаўляў. Той супрацоўнік адказаў, што не.

«Я вам ніякай інфармацыі даваць ня буду. У вас няма заявы ад мужа, што вы можаце прадстаўляць ягоныя інтарэсы. Павінна быць заява, маўляў, адкуль я ведаю, якія паміж вамі стасункі? Можа, дрэнныя, і ён ня хоча?» — эмацыйна ўзгадвае Мар’яна размову з начальнікам калёніі.

Жонка спрабавала высьветліць, за што канкрэтна, за якую правіну Алег два разы запар трапляў у ШЫЗА. Запыталася таксама, за што яго пазбавілі доўгага і кароткага спатканьняў і перадачы, ці можа яна даслаць хаця б бандэроль зь вітамінамі.

«Ён вельмі груба адказаў, што ніякай інфармацыі мне даваць ня будзе. Маўляў, „няхай ён вам сам паведаміць“. Чалавечай размовы не атрымалася», — кажа жонка Грузьдзіловіча.

«Хлопцы сьмяяліся, пабачыўшы мае запасы — 150 канвэртаў. Прашу цябе, больш ня шлі мне канвэрты»

У Мар’яны Грузьдзіловіч ёсьць свае вэрсіі, за што муж мог трапіць у карцар другі раз, бо яна навучылася ўжо чытаць паміж радкоў.

Мар’яна перадавала мужу вельмі шмат канвэртаў, магчыма, сотні паўтары, ведаючы, што Алег пісаць лісты любіць, але пэўны час будзе ў карантыне — і на «атаварку», дзе іх можна набыць, можа трапіць ня хутка. Да таго ж у кожны ліст яна ўкладае яшчэ пару канвэртаў. Яна выказала такое меркаваньне:

«Алег у апошнім лісьце напісаў: „Хлопцы сьмяяліся, калі пабачылі мае запасы — 150 канвэртаў. Прашу цябе, больш ня шлі мне канвэрты, бо потым я магу памыліцца: будзе праверка, і зноў у мяне будуць праблемы“.

Дык вось я мяркую, што Алег сказаў прыблізную лічбу канвэртаў, правяраючы пералічыў, а там было больш. І адправілі Алега ў ШЫЗА зноў», — кажа Мар’яна.

Жонка Алега Грузьдзіловіча Мар'яна зь сям'ёй малодшага сына Аляксандра
Жонка Алега Грузьдзіловіча Мар'яна зь сям'ёй малодшага сына Аляксандра

Яна вельмі перажывае, што ў час, калі Алег быў у ШЫЗА, пісала яму лісты і па звычцы ўкладала туды чыстыя канвэрты. А піша яна часта і шмат.

У апошнім лісьце паведаміла мужу і добрую навіну: хутка ў іх зьявіцца яшчэ адзін унук ці ўнучка — пяты па ліку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG