Гісторыю бэльгійскай аўчаркі апублікавалі ў інстаграме @the.warsaw2. «Дэзэртэра» спрабавалі вярнуць назад, але ён уцякаў у Польшчу зноў і зноў — тры разы. Паводле відавочцаў, сабака заўважыў польскіх вартавых і рвануў да іх.
На польскім баку Стыва накармілі. Потым палякі хацелі аддаць сабаку беларускім службам, але безвынікова — той тройчы ўцякаў зь Беларусі і вяртаўся ў Польшчу. Дзеля гэтага жывёліна нават мусіла прайсьці некалькі кілямэтраў па лесе.
Як адзначаюць экспэрты, гэта нестандартная сытуацыя, бо навучаныя сабакі рэдка пакідаюць сваіх гаспадароў. Агледзеўшы Стыва, польскія валянтэры заявілі, што ў сабакі захворваньні скуры, ён дрэнна харчаваўся — падобна, толькі хлебам і вадой. А калі не выконваў заданьняў, яго маглі штурхаць. Цяпер жа сабака знайшоў месца, дзе адчувае сябе ў бясьпецы, кажуць валянтэры.
Узяць сабаку на службу ў польскую памежную варту нельга, бо ён ужо занадта стары. Таму Стыва аддалі ў прытулак, дзе жывуць жывёлы, якія працавалі на дзяржаву і ўжо «выйшлі на пэнсію».