Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Ціханоўская на сэсіі ПАРЭ: «Беларусы — эўрапейцы і павінны вярнуцца назад у Эўропу»

абноўлена

Сьвятлана Ціханоўская падчас выступу ў ПАРЭ.
Сьвятлана Ціханоўская падчас выступу ў ПАРЭ.

Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская выступіла на пленарнай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы з прамовай «Эўропа: ад трагедыі да надзеі».

Ціханоўская нагадала аб прамове Ўінстана Чэрчыля, зь якой ён выступіў у Цюрыху пасьля Другой сусьветнай вайны. Чэрчыль тады казаў, што трагедыя можа ператварыцца ў абяцаньне і што былыя агрэсары і іхныя ахвяры могуць пабудаваць новае годнае жыцьцё на эўрапейскім кантынэнце.

Аднак, на думку Сьвятланы Ціханоўскай, і праз 80 гадоў пасьля той прамовы Чэрчыля трагедыя Эўропы яшчэ не закончылася, «агонь вайны зноў гарыць на нашым кантынэнце. І зноў раздаюцца галасы, якія заклікаюць нас улагоджваць, а не супрацьдзейнічаць паводзінам, якія супярэчаць усяму, за што выступае гэтая арганізацыя(ПАРЭ)».

Перад выступам
Перад выступам

Гаворачы пра Беларусь, Ціханоўская заявіла:

«Спадарыні і спадары, мы павінны раз і назаўжды пакласьці канец трагедыі Эўропы. У Беларусі гэта несправядлівае пазбаўленьне волі, катаваньні і сьмяротнае пакараньне. Дыктатура і цэнзура. Карупцыя і крадзеж нашых нацыянальных рэсурсаў. Продаж нашага сувэрэнітэту для захаваньня ўлады. Згон міжнароднага рэйсу для захопу актыўных грамадзян. Жорсткае абыходжаньне зь мігрантамі для стварэньня хаосу на нашых межах. І выкарыстаньне нашай краіны ў якасьці стартавай пляцоўкі для нападу і пагроз нашым суседзям. Гэта ня тое, чаго мы, беларусы, жадаем для сваёй краіны… ці для Эўропы. Наша перамога на выбарах 2020 году стала гучным і ясным пасланьнем: мы эўрапейцы, мы жадаем вяртаньня нашай краіны назад — назад беларусам і назад у Эўропу».

Ціханоўская таксама сказала, што леташні яе выступ у Эўрапейскім парлямэнце у Страсбуры быў папярэджаньнем аб тым, што трагедыя Беларусі стане новай трагедыяй Эўропы, калі на яе ня будзе дадзены рашучы, прынцыповы і практычны адказ. Яна лічыць, што ў сьвятле апошніх падзеяў мела рацыю і што яе леташняя прамова стала яшчэ больш актуальнаю:

«Ці будзе трагедыя Эўропы працягвацца, таму што добрыя ўрады адмаўляюцца ад сваіх каштоўнасьцяў і ня ў стане дзейнічаць своечасова? Украінцы не адмовіліся ад гэтых каштоўнасьцяў. І яны паказалі сьмеласьць дзейнічаць. Яны ведаюць, што замах на іхны сувэрэнітэт ёсьць замах на сувэрэнітэт усіх. Яны ведаюць, што ўкус мядзьведзя толькі распаліць ягоны апэтыт.

Украінцы працягваюць змагацца і лічаць, што трагедыя Эўропы працягваецца. Мы, беларусы, таксама не адмовіліся ад гэтых каштоўнасьцяў. Нашы людзі працягваюць супраціўляцца нават пасьля масавых рэпрэсій за апошнія два гады. Амаль 2000 чалавек былі затрыманыя за пратэсты супраць вайны ва Ўкраіне. Партызаны ўнутры Беларусі ўчынілі больш за 80 дывэрсій супраць расейскіх вайскоўцаў. І да 1500 беларускіх добраахвотнікаў далучыліся да ўкраінскай арміі. Адзін зь іх — Цімур Міцкевіч. Яму было 17 гадоў, калі яго пабілі міліцыянты да непрытомнага стану ў першыя дні нашых мірных пратэстаў у 2020 годзе. Ён тыдзень быў у коме. Ягоная маці памерла ад стрэсу. Нашы людзі дапамаглі Цімуру ўцячы ў Чэхію, дзе лекары паставілі яго на ногі. Гэтай вясной ён паехаў абараняць Украіну. Цімур разумее, што пагроза, зь якой сёньня сутыкаецца Ўкраіна, большая, чым пагроза толькі адной краіне. Што барацьба на Ўкраіне — гэта барацьба „за нашу і за вашу свабоду“».

Выступае Сьвятлана Ціханоўская
Выступае Сьвятлана Ціханоўская

На думку дэмакратычнай лідэркі Беларусі, супрацоўніцтва з ПАРЭ павінна будавацца па двух асноўных кірунках — інстытуцыйным будаўніцтве і разьвіцьці грамадзтва. Яна заклікала Раду Эўропы стварыць каардынацыйны камітэт па дачыненьнях зь Беларусьсю, які павінен складаецца з прадстаўнікоў розных органаў Рады Эўропы і прадстаўнікоў дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасьці Беларусі.

Далей Сьвятлана Ціханоўская зноў нагадала дэпутатам ПАРЭ, што беларусы культурна і гістарычна належаць да Эўропы, і заявіла, што гэты факт яе абнадзейвае.


На думку Ціхноўскай, гэтая група будзе сумесна вызначыць прыярытэтныя напрамкі супрацоўніцтва, сплянуе, падрыхтуе і запусьціць праграмы і праекты дапамогі і кантролю за іх рэалізацыяй. Гэта зробіць Беларусь бліжэйшай да Рады Эўропы.

«Спадарства, гісторыя нашага кантынэнту паказвае нам шлях. Нашы каштоўнасьці — наша сіла. І сёньня мы павінны выкарыстоўваць усе нашы сілы, каб абараняць гэтыя каштоўнасьці — дзеля ўсёй Эўропы. У нашых сілах пакласьці канец трагедыі Эўропы раз і назаўжды. А таксама перадаць Абяцаньне Эўропы ўсім тым, хто імкнецца жыць разам у свабодзе, міры і працьвітаньня. Давайце зробім гэта. Дзякуй вам! Жыве Беларусь, слава Ўкраіне, жыве Эўропа!» — сказала на заканчэньне Сьвятлана Ціханоўская.

Выступ Сьвятланы Ціханоўскай завяршыўся доўгімі воплескамі дэпутатаў, якія віталі дэмакратычную лідэрку Беларусі стоячы.

Пасьля выступу Сьвятланы Ціханоўскай на пленарным паседжаньні выступалі дэлегаты ПАРЭ. Яны пыталіся, што Рада Эўропы можа зрабіць для Беларусі, якая цяпер не зьяўляецца чальцом Рады Эўропы. Таксама дэлегаты згадвалі мігранцкі крызіс, казалі, што ведаюць пра барацьбу беларускага народу за дэмакратыю. Гучалі воклічы: «Жыве Беларусь! Жыве Ўкраіна! Жыве Польшча!» як сьведчаньне блізкасьці гэтых краінаў.

У сваім заключым выступе пасьля дэбатаў Ціханоўская, адказваючы на пытаньні, заклікала сябраў ПАРЭ не называць Лукашэнку прэзыдэнтам, бо ён прайграў выбары і ня мае легітымнасьці, утрымлівае ўладу сілай. З рэжымам без вызваленьня палітвязьняў немагчымыя ніякі дыялёг і перамовы, трэба размаўляць зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі, падкрэсьліла яна. Таксама Ціханоўская казала пра пакет рэформаў, падрыхтаваны дэмакратычнымі сіламі, каб «быць падрыхтаванымі, калі падзьме вецер магчымасьцяў».

Падчас сустрэчы з прэыздэнтам ПАРЭ Тыні Коксам
Падчас сустрэчы з прэыздэнтам ПАРЭ Тыні Коксам

Перад прамовай на пленарнай сэсіі ПАРЭ адбылася сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнтам ПАРЭ Тыні Коксам. Падчас сустрэчы з палітыкам Ціханоўская падзякавала за магчымасьць выступіць на пленарным пасяджэньні Парлямэнцкай асамблеі і сказала, што яе выступ — гэта «ўнікальная магчымасьць заявіць аб зацікаўленасьці беларускага народу ў больш цесных адносінах з Радай Эўропы».

«Мы ўжо працуем з Камітэтам міністраў над вывучэньнем варыянтаў фармалізацыі адносін паміж Радай Эўропы і народам Беларусі. Падтрымка ПАРЭ будзе мець вырашальнае значэньне ў гэтым працэсе ўсталяваньня інстытуцыйных адносінаў з Радай Эўропы. Для нас важна, што тэма Беларусі закранаецца ў дакумэнтах ПАРЭ», — сказала Ціханоўская Коксу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG