У Беларусі падоўжылі да 25 чэрвеня вайсковыя вучэньні, якія адбываюцца на 13 палігонах, у тым ліку на мяжы з Украінай.
Ва Ўкраіне назіраюць за вучэньнямі і працягваюць умацоўваць мяжу зь Беларусьсю, адзначаючы, што пагрозы зь беларускай тэрыторыі застаюцца.
Як паведамляе афіцыйны сайт Ровенскай абласной вайсковай адміністрацыі, цяпер фартыфікацыйныя збудаваньні на мяжы зь Беларусьсю пераводзяць з часовых у сталыя.
У той жа час кіраўнік Ровенскай адміністрацыі Віталь Коваль лічыць, што ўварваньне Ўзброеных сіл Беларусі будзе вельмі складаным для беларускіх вайскоўцаў.
«У беларускай арміі няма ні баявога досьведу, ні матывацыі наступаць. Але нават калі гэта адбудзецца, то задача прайсьці праз Заходняе Палесьсе, то бок праз Ровенскую вобласьць, — мэгаскладаная», — паведаміў Віталь Коваль.
Кіраўнік Ровенскай вобласьці ўдакладніў, што вядзецц найперш пра складаны рэльеф на гэтым участку беларуска-ўкраінскай мяжы.
«Гэта непраходныя лясы, балоты, наяўнасьць 170 рэк. Да таго ж масты празь іх — гэта аб’екты, якія могуць быць заблякаваныя, і ў выніку рух войскаў спынены. Апроч таго, і ў першую чаргу, — гэта Ўзброеныя сілы Ўкраіны, якія ўзмоцнена дзяжураць на мяжы зь Беларусьсю, у тым ліку і тэрытарыяльная абарона як асобны від сухапутных войскаў і добраахвотніцкія фармаваньні тэрытарыяльных грамад. Усе яны ў баявой гатоўнасьці. Там, я думаю, што той, хто ўхваліць рашэньне ісьці ва Ўкраіну праз Ровенскую вобласьць, зробіць фатальную памылку. Гэта будзе рух у адзін канец», — падкрэсьліў Віталь Коваль.