Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь заявіла аб парушэньні Польшчай канвэнцыі UNESCO пры будаўніцтве агароджы ў Белавескай пушчы


Сьцяна паміж Польшчай і Беларусьсю
Сьцяна паміж Польшчай і Беларусьсю

Прадстаўнік Мінпрыроды Беларусі падчас 34-га пасяджэньня Міжнароднага каардынацыйнага камітэта праграмы UNESCO «Чалавек і біясфэра» заявіў, сярод іншага, што беларускі бок ня мае інфармацыі аб правядзеньні Польшчай ацэнкі ўзьдзеяньня агарароджы на навакольнае асяродзьдзе.

Як паведамілі БелТА ў прэс-службе Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, прадстаўнік Мінпрыроды расказаў удзельнікам пасяджэньня UNESCO, што рашэньне Польшчы пра будаўніцтва памежнай сьцяны не было ўзгоднена зь беларускім бокам і цалкам супярэчыць рэкамэндацыі сумеснай маніторынгавай місіі Цэнтру сусьветнай спадчыны і Міжнароднага зьвязу аховы прыроды 2018 году: дзяржавы, на тэрыторыі якіх разьмяшчаецца Белавеская пушча, павінны забясьпечыць паляпшэньне ўзаемадзеяньня, у тым ліку празь дзяржаўную мяжу паміж Беларусьсю і Польшчай.

Прадстаўнік Мінпрыроды падчас пасяджэньня камітэту праграмы UNESCO заклікаў польскія ўлады прыпыніць будаўнічыя работы да завяршэньня ўсебаковага вывучэньня і ацэнкі сытуацыі.

У студзені на фоне міграцыйнага крызісу Польшча пачала будаўніцтва агароджы на мяжы зь Беларусьсю, вышыня якой складае 5,5 мэтра. Здача ў эксплюатацыю першых завершаных участкаў загароды прайшла 3 чэрвеня.

Польскія ўлады мяркуюць, што плот абароніць іх ад нелегальнага пераходу мяжы з боку Беларусі. Яны прама вінавацілі ўлады Беларусі ў спробах дэстабілізаваць Эўропу, запоўніўшы найперш Польшчу, Латвію і Літву мігрантамі, якім абяцалі жыцьцё ў Нямеччыне і краінах Скандынавіі. Таксама ў Варшаве адзначалі, што Лукашэнка дзейнічае па ўзгадненьні з Масквой, якую цалкам задавальняе такі плян.

Шэраг беларускіх і польскіх эколягаў не ўхваляюць ідэю будаўніцтва загароды. Яны сьцьвярджаюць, што яна стане перашкодай для натуральнай міграцыі жывёлаў, заблякуе міграцыю мядзьведзяў, зуброў, ваўкоў, аленяў і ласёў. «Калючка» паўзьверх плота будзе пагрозай для птушак. Зубры, напрыклад, ня здолеюць выкарыстаць выдатныя месцы для ацёлу, для кармавой базы, ня будзе абмену генамі. Паводле эколягаў, новая сьцяна можа аказваць нэгатыўны ўплыў на папуляцыі жывёлаў і празь дзесяцігодзьдзі.

Ад калючага дроту на мяжы ўжо гінуць зьвяры. У студзені была зафіксаваная гібель як мінімум двух зуброў на мяжы з Польшчай. Спэцыялісты Нацыянальнага парку «Белавеская пушча» лічаць, што зубры, якія загінулі, былі з папуляцыі на польскім баку пушчы. Статак увосень міграваў быў у Беларусь, а з наступленьнем халоднай пары вяртаўся ў Польшчу да месца зімовага прыкорму. На яго шляху паўстаў калючы дрот. Польскія актывісты сьцьвярджаюць, што ў пастку паміж дратамі трапіла чарада з дваццаці зуброў.

Раней амаль 1800 навукоўцаў падпісалі зварот да Эўракамісіі на сайце naukadlaprzyrody.pl з патрабаваньнем спыніць будаўніцтва агароджы.

UNESCO заявіла 28 студзеня, што Польшча мусіць адкласьці будоўлю 5-мэтровага плота да таго часу, пакуль улады ня здолеюць даказаць, што новабудоўля не зашкодзіць дзікай прыродзе. Эўрапейская камісія таксама заклікала правесьці належную ацэнку ўзьдзеяньня сьцяны на навакольнае асяродзьдзе.

Міністэрства клімату і навакольнага асяродзьдзя Польшчы заявіла, што закон аб памежнай сьцяне не патрабуе ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе і што будзе пабудавана больш за 20 пераходаў для жывёлаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG