Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адрозьніваць Беларусь і Расею, ставіць рэалістычныя мэты, — экспэртка Нямецкага фонду Маршала пра санкцыі ЭЗ


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Эўрапейскі Зьвяз у сваёй стратэгічнай камунікацыі павінен ясна разумець розьніцу паміж Беларусьсю і Расеяй, бо беларускае грамадзтва моцна адрозьніваецца ад расейскага ў ацэнцы цяперашняй вайны ва Ўкраіне. Такую думку выказала дасьледчыца Нямецкага фонду Маршала Юлія Мядзьвецкая падчас прэзэнтацыі 16 чэрвеня свайго дакладу «Распрацоўка санкцый: Урокі з абмежавальных мераў ЭЗ супраць Беларусі».

Юлія Мядзьвецкая
Юлія Мядзьвецкая

Як адзначыла Мядзьвецкая, беларусы не падтрымліваюць выкарыстаньне тэрыторыі краіны для расейскай агрэсіі. Аднак пры гэтым некаторыя краіны Эўразьвязу ад пачатку вайны ўвялі візавыя абмежаваньні, якія закранулі ўсіх грамадзян Беларусі, а некаторыя адукацыйныя ўстановы ў Эўразьвязе абмежавалі магчымасьці вучобы для беларусаў.

У дакладзе Юлія Мядзьвецкая апісвае гісторыю санкцый ЭЗ адносна Беларусі, дае ацэнку іх эфэктыўнасьці, а таксама рэкамэндацыі наконт іх далейшага выкарыстаньня. Ніжэй мы знаёмім вас зь некаторымі высновамі дакладу.

Больш цэнтралізацыі

Санкцыйная палітыка Эўразьвязу сутыкаецца з праблемамі празь няпоўную цэнтралізацыю, піша Мядзьвецкая. Большасьць прапановаў па санкцыях робяць асобныя краіны ЭЗ. Выбар, ці ўводзіць санкцыі супраць канкрэтнага суб’екта, непасрэдна зьвязаны з эканамічнымі інтарэсамі асобных краін Эўразьвязу (да прыкладу, Аўстрыя, Нямеччына, Вугоршчына і Славаччына не вітаюць увядзеньня санкцыяў на нафтапрадукты з Расеі).

Таму зацікаўленыя бакі часта шукаюць слабое зьвяно ў ЭЗ, каб паўплываць на прыняцьце рашэньняў. Цэнтралізацыя магла б паспрыяць большай пасьлядоўнасьці ў санкцыях.

Папярэдне ацэньваць уплыў санкцый

Складана загадзя ацаніць патэнцыйны эфэкт санкцый, але папярэдняя ацэнка ўплыву санкцый магла б дапамагчы Эўразьвязу вызначыць, чаго канкрэтна ён хоча дасягнуць рознымі відамі санкцый, лічыць экспэртка. Гэта б дапамагло гарантаваць, каб санкцыі як мага менш закраналі звычайных грамадзян Беларусі.

Эўразьвязу таксама варта было б выпрацаваць меры, каб зьмякчыць патэнцыйныя нэгатыўныя гуманітарныя наступствы санкцый. Да прыкладу, санкцыі супраць авіякампаніі «Белавія» паставілі пад пытаньне штогадовыя паездкі на аздараўленьне ў Італію беларускіх дзяцей, закранутых наступствамі чарнобыльскай аварыі. Увогуле, разрыў асабістых кантактаў паміж людзьмі зь Беларусі і з Эўразьвязу можа мець нэгатыўныя наступствы.

Акрамя таго, у сваёй ацэнцы ЭЗ павінен браць пад увагу шырэйшы палітычны кантэкст і сытуацыю зь бясьпекай у рэгіёне. Улічваючы, што Беларусь выкарыстоўваецца для транзыту расейскіх войскаў, трэба быць асьцярожнымі з санкцыямі. Трэба адрозьніваць Беларусь і Расею — інакш санкцыі, якія ставяць знак роўнасьці паміж дзьвюма краінамі, толькі ўзмацняюць афіцыйны расейскі наратыў пра расейцаў, украінцаў і беларусаў як адзін народ.

Ставіць рэалістычныя мэты

Паводле рэкамэндацый Рады ЭЗ, санкцыйныя крокі можна перагледзець і скасаваць, калі дасягнутая іх мэта. Аднак у большасьці выпадкаў няясна, як гэта вызначыць, мяркуе Мядзьвецкая. Увядзеньне санкцый часта грунтуецца на няясных чаканьнях, а не на ясным разьліку, чаго імі можна дасягнуць.

Да прыкладу, заклік ЭЗ да ўладаў Беларусі правесьці свабодныя і справядлівыя выбары заўсёды ігнараваўся. Такая мэта нерэалістычная. Важна, каб мэты санкцыяў ЭЗ не былі занадта амбітнымі. Да таго ж яны павінны быць яснымі, але пры гэтым павінна заставацца магчымасьць прыстасоўваць іх да зьменлівага палітычнага кантэксту. Гэта б дазволіла ЭЗ павялічыць свой уплыў і атрымаць больш саступак ад уладаў Беларусі.

Пры гэтым, аднак, варта браць пад увагу, наколькі аўтаномным можа быць рэжым, які моцна залежыць ад Расеі, асабліва пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне.

Весьці ясную камунікацыю

У беларускім грамадзтве, у тым ліку сярод экспэртнай супольнасьці, існуе некалькі мітаў пра забесьпячэньне рэжыму санкцый ЭЗ, лічыць Мядзьвецкая. Агульнае ўражаньне, што санкцыі бяззубыя, бо ёсьць шмат шляхоў іх абысьці. Было б пажадана, каб ЭЗ працаваў над стратэгічнай камунікацыяй зь беларускім насельніцтвам і грамадзянскай супольнасьцю, даючы надзейную інфармацыю пра мэты санкцый і пра іх выкананьне. Таксама трэба інфармаваць грамадзянскую супольнасьць пра нядаўна створаны інструмэнт, які дазваляе паведамляць пра выпадкі абыходу санкцый.

Захаваць інструмэнты ўплыву ЭЗ

Любы патэнцыйны перагляд ці прыпыненьне санкцый павінны адбывацца з удзелам беларускай грамадзянскай супольнасьці, экспэртаў, акадэмічных дасьледчыкаў і прадстаўнікоў дэмакратычных сіл, піша экспэртка. Працэдура выбару ўдзельнікаў павінна быць адкрытая і празрыстая, каб адлюстроўваць шырокі спэктар думак.

Калі паўстане пытаньне пра аслабленьне санкцыяў, Эўразьвязу варта пазьбягаць іх папярэдняга зьняцьця. Беручы пад увагу гісторыю дачыненьняў зь Беларусьсю, ЭЗ меў бы больш уплыву, калі б прыпыняў санкцыі, а не здымаў іх, нават часткова, як адбылося ў 2016 годзе. Прыпыненьне санкцый звычайна пераглядаецца кожныя 6, 9 ці 12 месяцаў, каб заахвоціць улады Беларусі ўстрымацца ад рэпрэсій. Прыпыненьне санкцый замест іх зьняцьця ўзмацніла б інструмэнты ўплыву ЭЗ, бо санкцыі могуць быць адноўленыя, калі рэжым адновіць паводзіны, якія ЭЗ лічыць праблематычнымі.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG