Па словах Лукашэнкі, на кожны раён патрэбны адзін тэлеграм-канал, які будзе абнаўляць «любімая зь любімых людзьмі мясцовая газэта».
«Колькі разоў казалі: людзі павінны ведаць, што адбываецца, як вы вырашаеце праблемы, што плянуеце і гэтак далей», — сказаў Лукашэнка на нарадзе 6 дзён таму.
Глядзім, што цяпер адбываецца ў тэлеграм-каналах мясцовых газэт.
«У Мэхіка — град, у Кітаі — залева»
Вілейская раёнка «Шлях перамогі» мае тэлеграм-канал на 387 падпісчыкаў. У Вілейскім раёне жыве 47 тысяч чалавек. Вялікіх адкрыцьцяў ад чыноўнікаў, як пра тое казаў Лукашэнка, там няма. Ёсьць, напрыклад, рэкляма сельскагаспадарчага праекту «Властелин села». Таксама пішуць пра град у Мэхіка і залеву ў Кітаі.
Мае свой тэлеграм-канал і раённая газэта Петрыкава. Ён так і называецца — «Петрыкаўскія навіны», на канал падпісаны 261 чалавек пры агульнай колькасьці жыхароў раёну 26,4 тысячы. У канале — перапосты з тэлеграм-канала «Пул первого», прагноз надвор’я, фоткі вясёлкі. Знаходзім таксама пост пад назвай «Ці існуюць бесьсьмяротныя істоты?». У ім гаворка пра дрэвы-доўгажыхары, якім па некалькі тысяч гадоў.
У некаторых раённых выданьняў тэлеграм-канал на сайце не пазначаны, у іншых спасылка вядзе ў нікуды. Магчыма, гэтыя тэлеграм-каналы ўсё ж ёсьць, але як жыхары іх адшукаюць — невядома.
У тэлеграм-канала газэты «Веснік Глыбоччыны» 66 падпісчыкаў, пішуць пра ўкладку асфальту ў раёне, замену вокнаў у дзіцячым садку, пра дзіцячыя летнікі. У раёне жыве 74,1 тысячы чалавек.
Тэлеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» аб’ядноўвае адразу тры раёны: Астравецкі, Ашмянскі і Смаргонскі. Канал мае 212 падпісчыкаў, у трох раёнах жыве 112 тысяч чалавек. Яго папаўняюць тры раённыя газэты адначасова. Там пішуць пра ўкладку новага асфальту, сустрэчы з чыноўнікамі, а таксама даюць практычныя парады — напрыклад, тлумачаць, што такое электронны квіток.
Трапляюцца і зводкі ад міліцыі. Так, у матэрыяле «Калі чэшуцца рукі» расказваюць пра незаконнае графіці на будынку.
«Блог пра інфраструктуру»
У тэлеграм-канала барысаўскай раёнкі «Новости Борисова» 558 падпісчыкаў. У раёне жыве 180 тысяч чалавек. Тут выкладваюць нават відэа ад галоўнай рэдактаркі мясцовай раёнкі Кацярыны Вараб’ёвай, якая расказвае пра мясцовую інфраструктуру.
Таксама ў тэлеграм-канале зводка ад міліцыі па колькасьці адміністратывак, інфармацыя пра донарства і пра цэнтралізаванае тэставаньне.