Макрон заявіў, што Ўкраіне трэба будзе весьці перамовы з Расеяй. У Кіеве чакаюць ягонага першага візыту падчас вайны

Прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон з францускімі вайскоўцамі ў Румыніі. 15 чэрвеня 2022
Прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон з францускімі вайскоўцамі ў Румыніі. 15 чэрвеня 2022

Прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон, выказваньні якога ў апошні час выклікалі незадаволенасьць у Кіеве, у сераду зноў заявіў, што «ў нейкі момант» прэзыдэнту Ўкраіны і іншым прадстаўнікам гэтай краіны давядзецца весьці перамовы з Расеяй аб міры.

Макрон заявіў гэта, выступаючы перад францускімі вайскоўцамі ў Румыніі. Яны былі разьмешчаны там для ўмацаваньня ўсходняга флянгу NATO перад абліччам расейскай пагрозы.

«Мы, эўрапейцы, таксама будзем за сталом перамоваў» — сказаў Макрон, адзначыўшы, што краіны ЭЗ дапамагаюць Украіне ў адбіцьці агрэсіі.

Рэзкую крытыку, у тым ліку ў краінах ЭЗ, выклікалі ранейшыя словы Макрона пра тое, што нельга «прыніжаць» Расею. Францускі прэзыдэнт фактычна паўтарыў сваю думку, сказаўшы, што Расея таксама частка эўрапейскага кантынэнту.

Макрон падчас свайго візыту наведае таксама Малдову.

Шэраг СМІ раней паведамляў, што 16 чэрвеня ён разам з канцлерам Нямеччыны Оляфам Шольцам і прэм’ерам Італіі Марыё Драгі павінен прыбыць у Кіеў. Макрон гэтага не пацьвярджаў і не абвяргаў, афіцыйна пра візыт па-ранейшаму не абвешчана.

Апошнім часам у ЭЗ ідуць дыскусіі як аб магчымасьці надаць Украіне статус кандыдата на ўступленьне ў Эўразьвяз, так і аб далейшай падтрымцы Кіева ў супрацьстаяньні з Расеяй. Прадстаўнікі ўкраінскіх уладаў усё часьцей крытыкуюць Нямеччыну і Францыю, заяўляючы, што яны хочуць дамовіцца з Расеяй за кошт украінскіх інтарэсаў.

У гэты момант Кіеў адхіляе замірэньне з Расеяй, калі яна ня выведзе войскі хаця б на лінію да пачатку ўварваньня 24 лютага.

​
XS
SM
MD
LG