Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былую прэзыдэнтку Балівіі прыгаварылі да дзесяці гадоў турмы


Джанінэ Аньнес пасьля арышту ў 2021 годзе.
Джанінэ Аньнес пасьля арышту ў 2021 годзе.

У сталіцы Балівіі Ла-Пасе суд прыгаварыў да дзесяці гадоў турэмнага зьняволеньня былуюа прэзыдэнтку краіны Джанінэ Аньнес.

На думку суду, Аньнес прыйшла да ўлады незаконным шляхам, падбухторвала балівійцаў да мяцяжу і рыхтавала дзяржаўны пераварот.

Абвінавачаньне зьвязана з падзеямі лістапада 2019 году, калі Балівія перажывала крызіс. На выбарах прэзыдэнта, паводле афіцыйных зьвестак, перамог сацыяліст Эва Маралес, які займаў пасаду кіраўніка дзяржавы з 2006 году. Аднак пасьля шматтысячных пратэстаў супраць вынікаў выбараў Маралес склаў з сябе прэзыдэнцкія паўнамоцтвы і ўцёк з краіны. Кіраўніцтва дзяржавы масава сышло ў адстаўку, і Аньнес, якая займала тады пасаду другога намесьніка старшыні Палаты сэнатараў, абвясьціла сябе часовай кіраўніцай Балівіі на пераходны пэрыяд. Наступныя выбары прайшлі ў кастрычніку 2020 года, на іх перамог паплечнік Маралеса Люіс Арсэ, а яшчэ праз пяць месяцаў Аньнес і яе паплечнікаў арыштавалі па абвінавачаньні ў падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International назвала тады крымінальную справу супраць Аньнес і яе прыхільнікаў працягам «пандэміі беспакаранасьці парушэньняў правоў чалавека ў Балівіі», хаця і прызнала, што ўрад Аньнес таксама недастаткова расьсьледаваў парушэньні правоў чалавека падчас масавых пратэстаў.

Сама Аньнес і яе прыхільнікі адмаўляюць, што яе прыход да ўлады быў незаконным. Экс-прэзыдэнтка не прызнала сваёй віны і лічыць сябе ахвярай палітычнага перасьледу. Яна таксама ня лічыць легітымным і суд над ёй. «Мне адмовілі нават у праве прысутнічаць на маім уласным судзе, калі яго так можна назваць. Я была, ёсьць і буду канстытуцыйным прэзыдэнтам, які прыняў на сябе абавязкі пасьля ўцёкаў баязьліўца», — кажа Аньнес.​

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG