Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МАК патлумачыў, чаму спартоўцаў зь Беларусі і Расеі адхілілі ад спаборніцтваў


Прэзыдэнт МАК Томас Бах
Прэзыдэнт МАК Томас Бах

Прэзыдэнт Міжнароднага алімпійскага камітэту Томас Бах 8 чэрвеня на генэральнай асамблеі Асацыяцыі летніх алімпійскіх міжнародных фэдэрацый (ASOIF) у Лязане выказаўся адносна дыскваліфікацый расейскіх і беларускіх спартоўцаў.

Кіраўнік МАК лічыць, што жорсткія санкцыі найперш накіраваныя на ўрады, а не на спартоўцаў, бо менавіта ўрады адказныя за «абуральнае парушэньне Алімпійскага замірэньня». У гэтым выпадку размова аб урадзе Расеі, які пачаў вайну практычна падчас зімовай Алімпіяды ў Пэкіне ў парушэньне рэзалюцыі Генасамблеі ААН і Алімпійскай хартыі.

«Усе, хто падтрымлівае вайну, могуць і мусяць быць падвергнутыя санкцыям, але тыя, хто не падтрымлівае вайну — іх правы павінны выконвацца, у адпаведнасьці з нашымі ўласнымі правіламі і нормамі міжнароднага права. Няма і не павінна быць санкцый за пашпарт», — падкрэсьліў Бах.

Акрамя санкцый, ёсьць і ахоўныя захады, сказаў кіраўнік МАК. Менавіта такімі матывамі абумоўлена абмежаваньне на прысутнасьць спартоўцаў і функцыянэраў з Расеі і Беларусі на спаборніцтвах.

«Зь дзьвюх прычын мы больш ня можам гарантаваць сумленнасьць міжнародных спаборніцтваў. Першая прычына — у многіх краінах ёсьць такі настрой супраць расейцаў і беларусаў, што ўжо немагчыма гарантаваць іх бясьпеку на спаборніцтвах, супраць іх вельмі імаверныя праявы агрэсіі», — адзначыў Томас Бах.

Ён прывёў нядаўні прыклад World Expo, дзе пачаліся нападкі на расейскі павільён, а пасьля яго трымальнікі сталі праяўляць агрэсію да іншых павільёнаў. Бах рэзюмаваў, што «гэта ня тое, што мы хочам бачыць на нашых міжнародных спаборніцтвах».

Таксама Бах не хацеў бы даваць усё пад распараджэньне ўладаў тых краін, дзе праходзяць міжнародныя турніры.

«Калі мы пакінем гэта на меркаваньне ўрадаў, мы станем палітычным інструмэнтам і больш ня зможам гарантаваць сумленную канкурэнцыю. Наша задача складаецца ў тым, каб усе мы ўсьвядомілі нашу мэту — вярнуцца да таго дня, калі зноў зможам аб’ядноўваць увесь сьвет у мірным суперніцтве. Я спадзяюся, што гэты дзень надыдзе хутка, але што я ведаю — тое, што пакуль ён не надышоў. Мы можам толькі спадзявацца, што мір нарэшце пераможа, і нам больш не патрэбны будуць такія ахоўныя меры».

28 лютага Міжнародны алімпійскі камітэт рэкамэндаваў спартовым фэдэрацыям не дапускаць расейскіх і беларускіх атлетаў і функцыянэраў да ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах, а таксама не праводзіць свае спаборніцтвы на тэрыторыях дзьвюх краін. Рашэньне прынялі праз вайну ва Ўкраіне, якую разьвязала Расея, а кіраўніцтва Беларусі падтрымала.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG