Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вярнуўся на базу і ня ўбачыў знаёмых твараў — столькі новых у нас байцоў». Беларускі добраахвотнік пра баі і ўзяцьце ў палон расейцаў


Яўген Міхасюк
Яўген Міхасюк

27-гадовы Яўген «Аўгуст» Міхасюк быў вядомы ў Беларусі як старшыня Рады Задзіночаньня беларускіх студэнтаў. За такую актыўнасьць яго адлічылі з гістарычнага факультэту ўнівэрсытэту. Потым — падзеі 2020 году, далей — пераезд ва Ўкраіну.

Цяпер Яўген у складзе палку Каліноўскага. Ён браў удзел у вайсковых апэрацыях, разам з пабрацімамі ўзяў у палон расейцаў.

Пра вайну і мары пра мірнае жыцьцё Свабода пагутарыла з «Аўгустам» у перапынку паміж баямі.

«Не было ніякіх сумневаў, каб ісьці бараніць Украіну»

Пяць гадоў таму Яўген вучыўся на гістарычным факультэце БДУ. Ён адраджаў студэнцкі актывізм, узначальваў раду Задзіночаньня беларускіх студэнтаў. Адміністрацыі ВНУ ягоная дзейнасьць не падабалася.

«Празь ціск адміністрацыі быў адлічаны. Не давучыўся. Займаўся электронным гандлем, маркетынгам. Заставаўся ў Беларусі, быў грамадзкім актывістам. У 2020-м удзельнічаў у акцыях пратэсту, мяне затрымлівала міліцыя. На маю тагачасную думку, той фармат пратэсту, які абрала большасьць грамадзтва, не прывядзе да пасьпяховых вынікаў. Я тады быў у апазыцыі да апазыцыі», — расказвае Яўген.

Увосень 2020 году ён убачыў, што справа ідзе да буйнамаштабных рэпрэсій, і вырашыў зьяжджаць. Кажа, што пасьпеў якраз да таго моманту, як ім пэрсанальна сталі цікавіцца.

Паехаў ва Ўкраіну, бо там былі сваякі, сябры, «дый сам я напалову ўкраінец». Яўген жыў у Львове, там яму было «камфортна».

«Яшчэ да ўварваньня Расеі ва Ўкраіну мы зь сябрамі абмяркоўвалі — хто што будзе рабіць, калі раптам вайна. У мяне не было сумневаў, што трэба ісьці бараніць Украіну. Таму зь першага дня вайны я спрабаваў далучыцца да войска. Было цяжка, бо ў ваенкаматы былі чэргі. Па-другое, беларускі пашпарт і адсутнасьць баявога досьведу. Даведаўся, што беларусы зьбіраюцца ў Кіеве ў падразьдзяленьне, паехаў туды. Тады гэта быў атрад каля дзесяці чалавек. Цяпер жа ў нас дайшло да батальёну, палку, і людзі далучаюцца яшчэ», — кажа Яўген.

«Пад абстрэламі не настолькі страшна, як можа здавацца»

У Кіеве і каля яго байцы ахоўвалі стратэгічныя аб’екты, трэніраваліся, рыхтаваліся ў фізычным і вайсковым пляне. Тыя, хто меў вайсковы досьвед, бралі ўдзел у баях. Нядаўна група беларусаў была на заданьні ў раёне Мікалаеўскай і Хэрсонскай вобласьці.

«Я быў адказны за падрыхтоўку пляцдарму для нашых. Прыехалі ў населены пункт, арганізавалі базу, каб туды магла прыбыць вялікая колькасьць нашых байцоў, і адтуль пачынаўся наступ на расейскія пазыцыі. Калі рыхтавалі пункт — былі пад абстрэламі. Але гэта не настолькі страшна, як можа здавацца. У адну з начэй у вёску спрабавала зайсьці ці выведка расейцаў, ці дывэрсійная група, каб стварыць перашкоды для нашых ці сабраць больш інфармацыі пра нас. Тады ў нас быў непасрэдны „кантакт“ зь імі. Пасьля ЗСУ захапілі частку берага ракі і прасунуліся наперад на дзевяць кілямэтраў. Беларускія падразьдзяленьні былі часткай гэтай вялікай апэрацыі. У нас быў няпросты шлях — праз поле, праз раку, лес захапіць населены пункт. Па нас стралялі і танкі, і самаходныя ўстаноўкі, і артылерыя, мы ішлі па замінаваных участках. Мы свае задачы выканалі, хоць апэрацыя была рызыкоўная. Яшчэ і прыхапілі трох расейцаў у палон», — расказвае беларус.

«Палонным мы сказалі: „Расслабцеся, мы беларусы“»

Яўген апавядае, што беларускае падразьдзяленьне ў апэрацыі не панесла страт. Адзін чалавек быў паранены аскепкам, яшчэ адзін наступіў на міну, і яшчэ адзін быў кантужаны. «Гэта посьпех у такой складанай апэрацыі. Украінцы, якія дзейнічалі побач з намі, на жаль, мелі і страты, і цяжка параненых, мы дапамагалі зь іх эвакуацыяй. Цяпер яны ў лякарнях», — кажа баец.

Яўген з пабрацімамі захапілі ў палон трох расейцаў.

«Яны паднялі рукі, выйшлі з бліндажу і здаліся. Прасіліся, каб іх ня білі, не стралялі. Мы пажартавалі: „Ды расслабцеся, мы беларусы“. Мне падалося, што яны не зусім зразумелі, хто мы і чаму тут. Бо шаўроны ў нас былі ўкраінскія. Спрабавалі зь імі размаўляць, але яны былі вельмі напружаныя», — узгадваў баец.

Ён бачыў прапагандысцкае відэа, якое было на расейскіх і беларускіх тэлеграм-каналах з пагрозамі ў бок «каліноўцаў». «Там казалі, каб мы баяліся, асабліва „той, хто з барадой, і той, хто з вусамі“. А ў нас практычна ўсе ці з вусамі, ці з барадой — каму менавіта баяцца?» — заўважыў Яўген.

«Галоўнае — матывацыя і фізычная падрыхтоўка. Як псыхалягічна падрыхтавацца, ня ведаю»

Калі Яўген вярнуўся на базу, то заўважыў, што полк Каліноўскага пашыраецца, далучаюцца новыя людзі.

«Калі я вярнуўся, то ня ўбачыў знаёмых твараў. Па-першае, людзі многія на заданьнях, а другое — шмат новых далучылася», — кажа беларус.

У кароткім адпачынку ён камунікуе з блізкімі людзьмі, пабрацімамі, глядзіць сэрыялы па-ангельску, каб не забываць мову. І чытае прафэсійную літаратуру — зьвязаную з баявымі дзеяньнямі.

Яўген, як і пабрацімы, марыць вярнуцца ў вольную Беларусь.

«Але гэта будзе залежаць ад шматлікіх фактараў. Казаць сёньня нешта з упэўненасьцю цяжка. Большасьць беларусаў далучыліся да палку, каб вызваліць ня толькі Ўкраіну, але і Беларусь. Гэта адна з галоўных матывацый, гэта як плян, задача. Але як будзе — паглядзім. Сёньня ў нас сярод украінскіх вайскоўцаў добрая рэпутацыя. Мы свае задачы выконваем, годна нясём імя беларусаў», — кажа добраахвотнік.

Ён дадае, што важна мець падрыхтоўку, асабліва фізычную, і матывацыю. «Але як падрыхтавацца псыхалягічна, я ня ведаю», — кажа Яўген.

Пасьля вайны ён хоча ў першую чаргу ўбачыць родных, блізкіх, сяброў, дзяўчыну, якая яму падабаецца.

«І хачу проста адпачыць, заняцца побытавымі справамі. З задавальненьнем вярнуся да звычайнага жыцьця», — кажа Яўген Міхасюк.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG