Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне заснавалі пэтыцыю за выдачу грамадзянства замежным добрааахвотнікам


Украінскі пашпарт
Украінскі пашпарт

Праблема атрыманьня ўкраінскага грамадзянства перасьледуе замежных добраахвотнікаў ад самага пачатку баявых дзеяньняў у 2014-м годзе.

Ва Ўкраіне зьбіраюць подпісы за выдачу грамадзянства замежным добраахвотнікам, у тым ліку беларусам.

Стваральнікі пэтыцыі патрабуюць ад прэзыдэнта краіны Ўладзіміра Зяленскага і іншых палітыкаў, якія могуць на гэта ўплываць, даваць замежным добраахвотнікам грамадзянства або іншы прававы статус, які гарантуе ім і іхнім сем’ям сацыяльную і прававую абарону, такую, як і ўкраінцам.

На гэты момант сабрана 5712 подпісаў з патрэбных 25000.

Цяпер, калі добраахвотнік атрымае калецтва, трапіць у палон або загіне, ён і яго сямʼя не атрымаюць належнай сацыяльнай і прававой абароны. Палонных беларусаў падчас абмену адправяць у Беларусь, дзе іх чакае суд за вайну на баку Ўкраіны, і ім будзе пагражаць расстрэл.

З пачатку вайны абараняць Украіну паехалі больш за 2 тысячы беларусаў.

Праз праблемы зь легалізацыяй на тэрыторыі Ўкраіны шэраг замежных добраахвотнікаў, у тым ліку беларускіх, вымушаныя былі зьехаць у іншыя краіны.

Тое, што ўкраінскія ўлады гадамі не маглі вырашыць пытаньне легальнага статусу добраахвотнікаў, прыгадваў і вядомы ваяр з Харватыі Дэніс Шэлер, які змагаўся за Ўкраіну ў складзе Нацыянальнай гвардыі ад самага пачатку баявых дзеяньняў у 2014-м. У некалькіх сваіх інтэрвію Шэлер адзначаў, што добраахвотнікаў з адной толькі Харватыі на ўкраінскім баку магло быць больш, калі б ня цяжкасьці з дакумэнтамі ва Ўкраіне.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG