Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адбываецца мілітарызацыя грамадзкай прасторы і сыстэмы адукацыі», — гісторык Павал Церашковіч


Аўдыторыя са студэнтамі ў адным з прыватных унівэрсытэтаў у Менску падчас акцыі пратэсту, 11 лістапада 2019 году
Аўдыторыя са студэнтамі ў адным з прыватных унівэрсытэтаў у Менску падчас акцыі пратэсту, 11 лістапада 2019 году

Гісторык, экспэрт у галіне адукацыі Павал Церашковіч разважае, які вынік могуць мець чарговыя спробы ўладаў ідэалягічна напаўняць сыстэму адукацыі, адзначае, што ўсё менш беларусаў едуць вучыцца ў Расею, і адказвае на пытаньне, якой павінна быць адукацыя ў будучай вольнай Беларусі.

Сьцісла:

  • Сыстэма адукацыі ў Беларусі прывучае забіваць чалавека ў сабе.
  • Мілітарызацыя ідзе побач з пранікненьнем ідэалёгіі «русского мира».
  • У Расеі агульная мілітарызацыя, культ «Перамогі», які ператварыўся ў карнавал вайны, глёрыфікацыя вайны, ушанаваньне гвалту.
  • Усе гэта накіравана на тое, каб падрыхтаваць беларускае грамадзтва, каб нешта ненармальнае яно лічыла нармальным.
  • Адзіны рэсурс разьвіцьця — гэта ўкладаньні і інвэстыцыі ў інтэлект.


— Беларускія школьнікі ў наступным навучальным годзе будуць здаваць мабільнікі, абавязкова насіць форму і слухаць гімн. Ці будзе мець посьпех чарговая спроба дзяржавы ідэалягічна напампоўваць школу? Такія спробы рабіліся ад сярэдзіны 90-х, фактычна адразу пасьля прыходу Лукашэнкі да ўлады, але, як падаецца, малапасьпяхова. Ці мо яны мелі нейкі вынік?

— Збольшага, вядома, не. Бо цяперашняя ідэалёгія выглядае састарэлай і не адпавядае часу. Але, з другога боку, на пэўны сэгмэнт насельніцтва яна ўплывае і мае нейкі абмежаваны вынік.

— Цяперашняя новая хваля ідэалягізацыі, якая ідзе ад 2020 году, — яна праходзіць «для галачкі», абы выканаць заданьне зьверху? Ці яны сапраўды спадзяюцца выхаваць нейкае новае пакаленьне — паслухмянае, маўклівае і адданае ўладзе?

Павал Церашковіч
Павал Церашковіч

— Тое, што цяпер адбываецца, можна назваць словам «мілітарызацыя». Мілітарызацыя грамадзкай прасторы і сыстэмы адукацыі. Пачалося гэта ў 2020 годзе, яшчэ да жнівеньскіх пратэстаў, прызначэньнем на галоўныя пасады сілавікоў. Адбываецца і мілітарызацыя ідэалягічная, якой раней у такіх маштабах не было. Адзіная форма, увядзеньне вайсковай падрыхтоўкі ў школах — гэта сьведчыць, што на мілітарызацыю зроблена асноўная стаўка. Вядома, што каб забіць іншага чалавека, трэба спачатку забіць яго ў сабе. Сыстэма адукацыі прывучае забіваць чалавека ў сабе.

— Дагэтуль, нягледзячы на ўсе хвалі наступу на правы вучняў і студэнтаў, у іх і іхных бацькоў быў выбар — аддаваць ці не ададваць сваё дзіця ў піянэры, ісьці ў БРСМ. Думаеце, гэтага выбару ўлады могуць пазбавіць?

— Можна было не аддаваць сваё дзіця ў піянэры. Але калі адбываецца мілітарызацыя ўсёй сыстэмы адукацыі, то адзінае выйсьце — гэта нейкая альтэрнатыўная, недзяржаўная адукацыя. Аднак яе магчымасьці цяпер мінімальныя і, здаецца, будуць яшчэ зьніжацца.

Можна ўспомніць савецкае дзяцінства, калі я зьбіраў-разьбіраў аўтамат Калашнікава, удзельнічаў у «Зарніцы» — але ўсё гэта ўспрымалася як такая гульня, і ня больш за тое. Але ў сёньняшніх умовах нават існаваньне інтэрнэту і альтэрнатыўных сродкаў інфармацыі не гарантуе, што гэта напампоўваньне ідэалёгіяй не спрацуе ў нейкай ступені. Дастаткова паглядзець на Расею, дзе да нядаўняга часу каналаў камунікацыі было шмат, але, тым ня менш, сёньня большасьць насельніцтва Расеі падтрымлівае вайну.

— Ня думаю, што ў расейскіх школах вучылі, што «вайна з Украінай — гэта добра». Тут ужо запрацавалі іншыя мэханізмы прапаганды...

— Вядома, там на ўроках не гаварылі пра вайну з Украінай, але агульная мілітарызацыя, культ «Перамогі», які ператварыўся ў карнавал вайны, глёрыфікацыя вайны, ушанаваньне гвалту, урэшце. Усё гэта прывяло да таго, што сёньня большая частка расейскага грамадзтва падтрымлівае канкрэтную вайну Расеі з Украінай.

— Але мы маем прыклады, калі ў Беларусі з адной школы, з аднаго асяродзьдзя адны людзі прыходзяць у дэмакратычны, пратэставы рух, іншыя — ідуць у сілавікі. Усё ж на сёньня галоўным чыньнікам грамадзкага станаўленьня чалавека школы і ВНУ не зьяўляюцца, нягледзячы на ўсе спробы ідэалягізацыі.

— Ня трэба недаацэньваць моц прапаганды. У той самай Расеі ненармальнае (вайна) было пераўтворана ў грамадзкай думцы ў нешта нармальнае. Тое самае можа адбыцца і ў Беларусі. Бо гэтая мілітарызацыя ідзе побач з пранікненьнем ідэалёгіі «русского мира», увядзеньнем прадмету «геапалітыка» ў ВНУ з элемэнтамі эўразійскай ідэалёгіі. Усе гэта накіравана на тое, каб падрыхтаваць беларускае грамадзтва, каб нешта ненармальнае яно лічыла нармальным.
Татальная мабілізацыя, якая адбывалася ў нацысцкай Нямеччыне альбо сталінскім Савецкім Саюзе, сёньняшнім кіроўным рэжымам ужо не патрэбная.

— Падчас умоўнай лібэралізацыі Беларусь у 2015 годзе «авансам» уступіла ў Балёнскі працэс — Эўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі. Ці адбыліся за гэты час нейкія пазытыўныя зьмены ў сыстэме адукацыі?

— Балёнскі працэс прынёс пэўныя пазытыўныя тэхналягічныя зьмены ў сыстэму вышэйшай адукацыі. Архітэктура адукацыі стала больш падобная да тае, якая існуе ва ўсім сьвеце, — у нас зьявіўся бакаўлярэат, магістратура. Былі зроблены захады, каб існавала крэдытная сыстэма, падобная да эўрапейскай.
Але што тычыцца каштоўнасных момантаў — акадэмічных свабодаў, самакіраваньня вышэйшых навучальных установаў, — тут нічога зроблена не было.

— І ёсьць такі працэс, калі беларускія абітурыенты «галасуюць нагамі», то бок выбіраюць навучаньне ва ўнівэрсытэтах за мяжой.

— Так. Дарэчы, калі паглядзець статыстыку, то за апошнія 10 гадоў відавочна назіраецца тэндэнцыя, што колькасьць беларусаў, якія навучаюцца ў расейскіх унівэрсытэтах, скарачаецца. І расьце колькасьць тых, хто вучыцца ва ўнівэрсытэтах Эўразьвязу.

— Ці лічыце вы, што пасьля палітычных зьменаў гэтыя людзі вернуцца ў Беларусь і будуць працаваць на яе разьвіцьцё?

— Цалкам магчыма. Маем яркі прыклад прэзыдэнткі Малдовы Маі Санду, якая скончыла Гарвардзкі ўнівэрсытэт і з гэтым дыплёмам магла б зрабіць пасьпяховую кар’еру дзе заўгодна. Але вярнулася ў Малдову і стала прэзыдэнтам краіны.

— Як павінна «ў ідэале» выглядаць сыстэма адукацыі ў будучай дэмакратычнай Беларусі? Якія стратэгічныя шляхі яе рэфармаваньня, якія асноўныя кірункі?

— Самае галоўнае ня тое, каб зрабіць нейкую ідэальную мадэль. Самае галоўнае — зразумець, якую ролю будзе выконваць адукацыя ў будучай Беларусі. Відавочна, што Беларусь ня можа пасьпяхова існаваць эканамічна за кошт, напрыклад, прыродных рэсурсаў, якіх у нас ня так шмат. І адзіны рэсурс разьвіцьця — гэта ўкладаньні і інвэстыцыі ў інтэлект.

На сёньня адукацыя і культура фінансуюцца па рэшткавым прынцыпе, які існаваў яшчэ ў Савецкім Саюзе. А трэба, каб адукацыя стаяла на першым месцы. Стаўку трэба рабіць на моцныя ўнівэрсытэты, якія сталі б лякаматывам разьвіцьця эканомікі і грамадзтва. Такім чынам, трэба перш за ўсё пераасэнсаваць месца адукацыі ў сучасным грамадзтве.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG