Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, Кіеў, 30 траўня 2022
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што Расея са сваімі войскамі кантралюе пятую частку ўкраінскай тэрыторыі, уключна з акупаванымі ў 2014 годзе Крымам і асобнымі раёнамі Луганскай і Данецкай абласьцей.
«Расейскія войскі зайшлі ў 3620 населеных пунктаў Украіны, 1 017 зь іх ужо ўдалося вызваліць, яшчэ 2 603 яшчэ мусім вызваліць. На сёньня пад кантролем акупантаў знаходзіцца блізка 20 адсоткаў нашай тэрыторыі, амаль 125 тысяч квадратных кілямэтраў», — сказаў Уладзімір Зяленскі 2 чэрвеня ў сваім відэазвароце да парлямэнту Люксэмбургу.
Украінскі прэзыдэнт нагадаў, што ўпершыню Расея ўварвалася на тэрыторыю Ўкраіны ў 2014 годзе і акупавала Крым і траціну Данбасу.
«Тады Расея кантралявала больш за 43 тысячы квадратных кілямэтраў тэрыторыі Ўкраіны. Гэтая плошча супастаўная, напрыклад з плошчай Нідэрляндаў», — дадаў ён.
Паводле яго, каля 300 тысяч квадратных кілямэтраў «забруджаныя мінамі і снарадамі, якія не разарваліся», амаль 12 мільёнаў украінцаў сталі ўнутранымі перасяленцамі, а больш за 5 мільёнаў, найперш, жанчыны і дзеці, выехалі за межы Ўкраіны.
«Штодзённа Ўкраіна цярпіць ад расейскіх ракетных удараў. Толькі за ўчорашні дзень Расея выпусьціла 15 розных крылатых ракет, а за ўвесь час з 24 лютага — 2478 ракет, большасьць зь іх па цывільнай інфраструктуры. Мы вымушаныя абараняцца фактычна ад усёй расейскай арміі — усе падразьдзяленьні задзейнічаныя ў гэтай агрэсіі», — паведаміў Уладзімір Зяленскі.