У Кіеве выказалі сваю вэрсію, чаму Лукашэнка стварае народнае апалчэньне

Украінскія сьцягі каля дзяржаўнай мяжы
Украінскія сьцягі каля дзяржаўнай мяжы

Дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Аляксей Арастовіч лічыць, што ўсе апошнія дзеяньні Аляксандра Лукашэнкі сьведчаць пра ягонае лявіраваньне між ціскам Крамля і разуменьнем немагчымасьці наступу беларускіх войскаў на Ўкраіну.

Аляксей Арастовіч таксама перакананы, што рашэньні аб стварэньні «народнага апалчэньня» і паўднёвага апэратыўнага камандаваньня на мяжы з Украінай ухваленыя ў сувязі з расейскай, а не ўкраінскай пагрозай.

«Аляксандар Рыгоравіч лявіруе між ціскам з боку Крамля і між разуменьнем, што беларуская армія наступаць нікуды ня пойдзе. А народнае апалчэньне ўвогуле створана супраць расейскай пагрозы, таму што ўкраінцы ня пойдуць у наступ на Беларусь. Гэта немагчыма, нас адразу будуць лічыць агрэсарамі — з усім, што адсюль вынікае. А ад каго тады абараняцца?» — сказаў Аляксей Арастовіч.

«Больш за тое, ён жа (Лукашэнка) сказаў, што трэба больш пільна вывучыць досьвед украінскай арміі, пяхоты, якая там па лясах і хмызьняку спыніла наступальныя танкавыя калёны праціўніка. А якія ж танкавыя калёны праціўніка чакаюцца ў Беларусі, калі гэта не Ўкраіна, ня Польшча, не Літва? Зразумела, што расейскія», — дадаў дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны.

Паводле яго, паралельна Аляксандар Лукашэнка «кідае косткі расейскай прапагандзе, вымаўляе „правільныя“ словы і вось паказвае, што ён стварыў апэратыўнае камандаваньне ў кірунку Ўкраіны».

Аляксей Арастовіч таксама лічыць, што ў Беларусі цяпер адбываюцца вельмі складаныя працэсы, у якіх зацікаўлены Ўкраіна, Польшча і Літва. «Беларусь, мякка кажучы, ня цалкам уцягнутая ў расейскую арбіту. Там усё жорстка. І вось гэта народнае апалчэньне... Разумееце, прымусіць Лукашэнку даць зброю людзям, якіх ён два гады „мяцеліў“ дубінкамі, можа толькі вельмі сур’ёзная прычына. І гэта дакладна не нападзеньне Ўкраіны, бо яго не рыхтуецца і ня можа рыхтавацца. Вось і адказ», — патлумачыў дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны.

27 траўня кіраўнік Міністэрства абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што Лукашэнка паставіў задачу стварыць народнае апалчэньне, і «для гэтага ёсьць і людзі, і ўзбраеньні».

26 траўня стала вядома, што Лукашэнка заснаваў новае апэрацыйнае вайсковае камандаваньне ў Беларусі — паўднёвае.

​
XS
SM
MD
LG