Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская сустрэлася з кангрэсмэнамі ЗША. Што абмяркоўвалі


28 траўня дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская правяла сустрэчу з кангрэсмэнамі ЗША.

Дэлегацыю амэрыканскіх кангрэсмэнаў узначальваў старшыня Парлямэнцкай асамблеі NATO, амэрыканскі кангрэсмэн Джэральд Коналі. У сустрэчы, у прыватнасьці, прынялі ўдзел адзін з кіраўнікоў Кокуса Сяброў Беларусі ў Кангрэсе ЗША Джо Уілсан, таксама спэцпасланьніца ЗША па Беларусі Джулі Фішэр, заканадаўчы дырэктар офіса кангрэсмена Джэральда Коналі Колін Давэнпорт.

Падчас сустрэчы абмеркавалі пытаньні бясьпекі ў рэгіёне і ролю Беларусі, дапамогу беларускай грамадзянскай супольнасьці, а таксама беларускім добраахвотнікам ва Ўкраіне. Акрамя таго, прадметам абмеркаваньня стаў даклад ICAO і далейшыя крокі ЗША і ICAO ў расьсьледаваньні гэтага інцыдэнту і ў пытаньні прыцягненьня да адказнасьці вінаватых.

Ціханоўская падкрэсьліла, што галоўнае — не павінна быць беспакаранасьці, злачынцы павінны панесьці пакараньне. Яна адзначыла, што вайна ва Ўкраіне многія тэмы адсунула на другі плян, людзі забыліся і на міграцыйны крызіс, створаны рэжымам Лукашэнкі, і на захоп самалёта Ryanair, і што менавіта гэтыя дзеяньні сталі прычынай увядзеньня санкцый. Нельга дазваляць сьвету забывацца на тое, што рэжым рабіў і працягвае рабіць зь беларусамі, падкрэсьліла Ціханоўская.

Таксама Ціханоўская папрасіла кангрэсмэнаў ЗША не дапусьціць нават найменшай спробы правядзеньня так званага «рэфэрэндуму» па аб’яднаньні Беларусі і Расеі, чуткі пра які ўжо ходзяць. Ніякага «рэфэрэндуму» пры акупацыйным рэжыме быць ня можа, заявіла яна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG