Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі за непадпарадкаваньне міліцыі затрымалі бацькоў Маргарыты Ляўчук, у кватэры Павукоў ператрус

абноўлена

Маргарыта Ляўчук і Андрэй Павук
Маргарыта Ляўчук і Андрэй Павук

Бацькоў сьпявачкі затрымалі ў яе роднай вёсцы Страдзеч Берасьцейскага раёну. Пра гэта Свабодзе паведаміла сама Маргарыта Ляўчук.

«Ранкам прыехаў бусік, суседку паклікалі панятой, ад яе і даведалася. Нічога пры ператрусе не знайшлі, але бацькоў выводзілі з хаты ў кайданках», — сказала Маргарыта.

Тэлеграм-каналы, якія вядуць прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі, сьцьвярджаюць, што бацькі вядомай беларускай опэрнай сьпявачкі «не адмыкалі дзьвярэй».

Абвінавачаньне ў «непадпарадкаваньні міліцыі» тыповае для палітычных рэпрэсій у Беларусі.

Па гэтым адміністрацыйным артыкуле ўжо тысячы беларусаў былі арыштаваныя і пасаджаныя на «суткі».

Опэрная прыма Маргарыта Ляўчук стала адным з сымбалеў і галасоў пратэстаў 2020 году. Яе звольнілі зь менскага Опэрнага тэатру за грамадзкую пазіцыю. Сьпявачка цяпер жыве ў Вільні.

Ператрус у беларускай кватэры Павукоў

У беларускай кватэры Андрэя і Вольгі Павукоў адбываецца ператрус. Як стала вядома Свабодзе, сьледчыя дзеяньні праводзяцца з нагоды крымінальнай справы, заведзенай супраць блогера.

Раніцай 26 траўня сілавікі прыехалі па адрасе ў пасёлку Акцябрскі, дзе зарэгістраваныя вядомы блогер Андрэй Павук і ягоная былая жонка, актывістка Вольга Павук. Як расказала Свабодзе Вольга, у кватэры адбываецца ператрус.

«Яны там усё ламаюць, разьбілі унітаз, літаральна усё грамяць, — гаворыць Вольга Павук. — Нам паведамілі аб прыезьдзе сілавікоў суседзі па доме. Ранкам пабачылі сіні бусік ля пад’езду, пасьля адтуль выйшлі сілавікі і пайшлі ў нашую кватэру. Пэўна, усё гэта праз крымінальную справу супраць Андрэя. Мы зарэгістраваныя разам у той кватэры, нашыя дзеці таксама».

Мікрааўтобус сілавікоў каля дому Андрэя і Вольгі Павукоў у пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласьці
Мікрааўтобус сілавікоў каля дому Андрэя і Вольгі Павукоў у пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласьці

Па словах Вольгі, яны з былым мужам турбуюцца, што сілавікі могуць таксама прыйсьці да іх бацькоў. Ні з Андрэем Павуком, ні зь ягонай былой жонкай ніхто зь сілавых структураў напярэдадні ператрусу ня зьвязваўся, яго прычына ім дакладна не вядомая.

Андрэй Павук вядомы актывіст і палітычны блогер, стваральнік суполкі «Рудабельская паказуха» і аднайменнага ютуб-канала, на якім публікуе свае тэлефонныя размовы з рознымі беларускімі чыноўнікамі. Раней на яго завялі крымінальныя справы за «публічную абразу работніка пракуратуры гораду Менску» і «разгалошваньне зьвестак аб прыватным жыцьці і пэрсанальных дадзеных памочніка пракурора».

Былая жонка Андрэя Павука Вольга таксама зьяўляецца палітычнай актывісткай, падчас выбарчай кампаніі 2020 году была прэсавай сакратаркай кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Дзьмітрева.

Дуэт Ляўчук і Павука і перасьлед

Маргарыта Ляўчук і Андрэй Павук выступаюць музычным дуэтам. Запісваюць як патрыятычныя беларускія песьні, гэтак і сатырычныя кліпы (праект «Красная зелень»), у якіх высьмейваюць рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Відэа зьбіраюць сотні тысяч праглядаў на YouTube.

Рэжым Лукашэнкі абвесьціў Павука і Ляўчук у вышук.

Маргарыту Ляўчук шукаюць у крымінальнай справе аб зьдзеках зь дзяржаўнага сьцяга, Андрэя Павука — за незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да інфармацыі аб прыватным жыцьці (ч.3 арт. 203-1 КК), абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і зьдзек зь дзяржаўнага сьцяга (арт. 370 КК). МУС сьцьвярджае, што Ляўчук і Павук «уцяклі ад сьледзтва».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG