Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі расказаў, калі і пры якіх умовах магчымыя ягоныя перамовы з Пуціным

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Кіеў, травень 2022
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Кіеў, травень 2022

Уладзімір Зяленскі па відэасувязі выступіў перад удзельнікамі эканамічнага форуму ў Давосе.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі лічыць, што цяпер перамовы з Расеяй немагчымыя і іх трэба весьці пры пэўных умовах толькі з адным чалавекам — прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.

«Дзейны прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі не ўсьведамляе да канца, што адбываецца. Мне здаецца, што ён жыве ў сваім інфармацыйным сьвеце, не разумеючы, што Ўкраіна нікуды не зьбіраецца і ня пойдзе на саступкі.
Мы змагаемся на сваёй зямлі, і, яшчэ раз падкрэсьліваю, гэта вайна Ўкраіны ня супраць кагосьці, а за — за сваю зямлю і на сваёй зямлі, за сваю свабоду і дакладна за сваю будучыню», — заявіў Уладзімір Зяленскі, выступаючы па відэасувязі перад удзельнікамі дыскусіі «Ўкраінскі сьняданак» на эканамічным форуме ў Давосе (Швайцарыя).

Украінскі прэзыдэнт падкрэсьліў, што менавіта на гэтых прынцыпах аб’ядналася і ўкраінскае грамадзтва.

«Ён (Пуцін) павінен жыць у рэальнасьці, а ягонае атачэньне павінна яму дапамагчы выйсьці зь ягонай інфармацыйнай нерэальнасьці, якую яны сабе пабудавалі цягам шматлікіх гадоў, дзесяцігодзьдзямі будавалі гэтае інфармацыйнае поле, у якім яны цяпер знаходзяцца», — дадаў Уладзімір Зяленскі.

Прэзыдэнт Украіны лічыць, што ў перамовах мусіць удзельнічаць менавіта Пуцін.

«Размаўляць з пасярэднікамі няма ніякага сэнсу. Яны ніхто, іх нават няма на гэтай шахматнай дошцы. Яны не фігуры. Яны проста прысутныя ў нейкім паветры. Ёсьць адзін чалавек — прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі. Калі ён будзе гатовы выйсьці ў рэальнасьць. Калі ён толькі трапіць у рэальнасьць, ён зразумее, што шмат людзей гінуць, гінуць людзі невінаватыя. Калі ён здольны нешта зразумець, тады ён дакладна зразумее, што трэба размаўляць і заканчваць вайну, якую ён распачаў і Расейская Фэдэрацыя, ніхто іншы».

Уладзімір Зяленскі лічыць, што толькі пасьля гэтага зьявіцца магчымасьць дыпляматычных перамоў «менавіта з гэтай дзейнай уладай, калі ня будзе позна».

«Позна гэта ці не — будзе залежаць ужо ад шмат якіх рэчаў і жаданьня ўкраінскага грамадзтва. Шмат ад звычайных людзей залежыць, таму што пасьля таго, як усе пабачылі, што расейскія вайскоўцы нарабілі ва Ўкраіне і, я ўпэўнены, працягваюць рабіць на тых акупаваных тэрыторыях, на якіх у нас пакуль што няма магчымасьці дайсьці праз блякаваньне, то я думаю, гэтае жаданьне будзе страчвацца з кожным днём», — падкрэсьліў Уладзімір Зяленскі.

Апошні раз Расея і Ўкраіна праводзілі перамовы вочна 29 сакавіка ў Стамбуле, куды прыбылі дэлегацыі дзьвюх краін. 12 красавіка пасьля выяўленьня забойстваў мірных людзей у Бучы пад Кіевам Уладзімір Пуцін сказаў, што перамовы зайшлі ў тупік. 19 красавіка фактычнае іх замарожваньне канстатавалі і ўкраінскія ўлады.

17 траўня дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Міхайла Падаляк у эфіры ўкраінскай тэлевізіі пацьвердзіў прыпыненьне перамоваў з Расеяй. У МЗС Расеі таксама сказалі, што перамовы з Украінай «фактычна не вядуцца».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG