Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна распрацавала новую лягістыку паставак збожжа на сусьветны рынак, беларускі кірунак у яе ня трапіў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ва Ўкраіне ня згадваюць Беларусь у ланцужку вонкавых паставак украінскага збожжа. 

Украіна распрацавала лягістыку паставак збожжа на сусьветны рынак праз эўрапейскія марскія парты і плянуе выйсьці на аб’ём у 3 мільёны тон штомесяц.

«Цяпер ужо ёсьць шмат напрацовак, як пашырыць магчымасьці і на заходніх межах, калі мы гаворым пра чыгуначныя перавозкі і пра аўтамабільныя — мы таксама пабачылі магчымасьці і спрашчэньні, якія чакаюцца па польска-ўкраінскай і ўкраінска-румынскай межах. І гэта мусіць нам даць пэрспэктыву выйсьці на тры мільёны тон. Калі мы на яе выйдзем, то тады ў сельскай гаспадарцы і далей ёсьць будучыня, бо бяз экспарту вырошчваць такія аб’ёмы збожжа і іншых культур не патрэбна», — сказаў генэральны дырэктар асацыяцыі «Український клуб аграрного бізнесу» Раман Сласьцён 23 траўня на брыфінгу ў Львове.

Прадстаўнік аграрнага бізнэсу Ўкраіны нагадаў, што на пачатак поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну плянавалася паставіць на сусьветны рынак больш як як 20 мільёнаў тон украінскага збожжа.

«Летась мы сабралі рэкордны ўраджай, 86 мільёнаў тон збожжа, зь якіх для ўнутранага спажываньня патрэбна толькі 19 мільёнаў тон. Да вайны мы пасьпелі экспартаваць 44 мільёны тон. Вялікі аб’ём пакуль застаецца нявывезены. У сакавіку аб’ём экспарту быў нязначны — прыблізна 300 тысяч тон, у красавіку ўжо крыху лепш — амаль 1 мільён тон, бо зьявіліся ланцужкі ў першую чаргу праз заходнюю мяжу і праз марскія парты Эўрапейскага зьвязу, і ў траўні мы можам выйсьці на паўтара мільёна. Плян-мінімум, без разблякаваньня партоў, — патрэбна выходзіць на тры мільёны тон», — патлумачыў Раман Сласьцён.

Прадстаўнік аграрнага бізнэсу ўвогуле не згадаў, ці абмяркоўваецца цяпер магчымасьць адкрыцьця аўтамабільных паставак збожжа па тэрыторыі Беларусі ў кірунку Клайпедзкага порту.

Экспэрты лічаць новую лягістыку складанай

Кіраўнік Інстытуту Чарнаморскіх стратэгічных дасьледаваньняў Андрэй Кліменка лічыць, што альтэрнатыўныя шляхі дастаўкі ўкраінскага збожжа маюць шэраг праблем.

Па-першае, кажа ён, — гэта шырыня чыгуначнай каляіны: яны розныя ва Ўкраіне і Эўразьвязе, што запавольвае перасячэньне мяжы. Па-другое, не хапае вагонаў-зерневозаў, як ва Ўкраіне, так і ў Эўропе. І па-трэцяе, у партах Эўропы можа не хапіць магутнасьці для перавалкі ўкраінскага збожжа ў большых, чым цяпер, маштабах.

Апроч таго, дадаў Андрэй Кліменка, раней ланцуг вытворчасьці і дастаўкі быў істотна карацейшы — збожжа зьбіралі, дастаўлялі ў адэскі, херсонскі ці мікалаеўскі парты, а адтуль яно адразу адпраўлялася на судна і ішло ў мора. Цяпер, паводле яго, пагрузак і разгрузак будзе істотна больш на кожным этапе, што ўскладняе лягістыку ў цэлым.

17 траўня стала вядома, што генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш прапанаваў зьмякчыць абмежаваньні на экспарт калійных угнаеньняў зь Беларусі і Расеі ў абмен на магчымасьць разблякаваць пастаўкі ўкраінскага збожжа на сусьветны рынак.

20 траўня прэс-служба МЗС Беларусі паведаміла, што пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў на сустрэчы з генэральным сакратаром ААН Антонію Гутэрышам перадаў яму ліст ад Аляксандра Лукашэнкі.

21 траўня стала вядома, што ЗША разглядаюць магчымасьць прыпыненьня санкцый у дачыненьні да беларускіх калійных угнаеньняў у абмен на транзыт украінскага збожжа ў Клайпеду.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG