Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі пашырылі задачы ўнутраных войскаў і ўмовы прымяненьня імі зброі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі пашырылі сфэру прымяненьня ўнутраных войскаў, а таксама некаторыя іх паўнамоцтвы.

На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікаваны закон № 170-3 ад 18 траўня «Аб зьмяненьні законаў па пытаньнях дзейнасьці ўнутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў». Асноўныя яго палажэньні ўступаюць у сілу пасьля апублікаваньня.

У законе ў новай рэдакцыі выкладзеныя задачы ўнутраных войскаў, піша Reform.by. Цяпер яны будуць не «забясьпечваць садзейнічаньне органам унутраных спраў у ахове грамадзкага парадку», а непасрэдна ўдзельнічаць у «ахове грамадзкага парадку, гарантаваньні грамадзкай бясьпекі», а таксама забесьпячэньні рэжымаў надзвычайнага і ваеннага становішчаў, прававога рэжыму ў зоне правядзеньня контртэрарыстычнай апэрацыі.

Таксама сярод задач Унутраных войскаў зьявіўся ўдзел у мерапрыемствах па ўзмацненьні аховы дзяржаўнай мяжы. Унутраныя войскі могуць прыцягвацца і да выкананьня іншых задач «пры ўзьнікненьні абставінаў, якія ўяўляюць пагрозу бясьпецы грамадзян, дзейнасьці арганізацый і грамадзкаму парадку, а таксама ў інтарэсах абароны Рэспублікі Беларусь».

Дакумэнтам таксама зьменены ўмовы прымяненьня ваеннаслужачымі Унутраных войскаў зброі. Калі раней фармулёўка меркавала, што зброя можа прымяняцца «ў мэтах выкананьня ўскладзеных на іх задач у выпадку, калі іншыя спосабы і сродкі ў забесьпячэньні іх выкананьня аказаліся неэфэктыўнымі», то цяпер словы «у выпадку, калі іншыя спосабы і сродкі ў забесьпячэньні іх выкананьня аказаліся неэфэктыўнымі» зь яе выключаныя.

Выпадкі прымяненьня зброі дапоўненыя новай акалічнасьцю: яе можна ўжываць у дачыненьні да асобы, «якая спрабуе незаконна пракрасьціся на тэрыторыю (пакінуць тэрыторыю) аб’екту, які ахоўваецца ўнутранымі войскамі, або схавацца пасьля такой спробы, калі гэтую спробу немагчыма спыніць іншым спосабам».

Таксама зьмененая ўмова для прымяненьня зброі ў дачыненьні да «жанчын, асобаў зь відавочнымі прыкметамі інваліднасьці, непаўналетніх, калі іх узрост відавочны або вядомы». Закон забараняе прымяняць зброю ў дачыненьні да іх, «за выключэньнем выпадкаў зьдзяйсьненьня ўказанымі асобамі ўзброенага альбо групавога нападу ці іншых дзеяньняў, якія пагражаюць жыцьцю або здароўю грамадзян».

У законе таксама зьменены артыкул аб забесьпячэньні бясьпекі вайскоўцаў. Цяпер ён распаўсюджваецца на асобаў цывільнага пэрсаналу ўнутраных войскаў і іх блізкіх. Да вайскоўцаў, цывільнага пэрсаналу і іх блізкіх могуць прымяняцца меры дзяржаўнай абароны «пры наяўнасьці пагрозы замаху на жыцьцё, здароўе і маёмасьць».

Законам таксама ўнесеныя зьмены ў закон «Аб барацьбе з тэрарызмам». Яны ў асноўным зводзяцца да выключэньня з тэксту закона слоў «Рэспубліка Беларусь».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG