Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналісты знайшлі новага зяця Пуціна: яго прозьвішча Зяленскі


Уладзімір Пуцін і Ігар Зяленскі ў анэксаваным Крыме ў 2018 годзе
Уладзімір Пуцін і Ігар Зяленскі ў анэксаваным Крыме ў 2018 годзе

Былы мастацкі кіраўнік Баварскага дзяржаўнага балету і народны артыст Расеі Ігар Зяленскі стаў новым зяцем прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

Пра гэта гаворыцца ў сумесным расьсьледаваньні тэлеканалу «Настоящее время» і расейскіх выданьняў «Медуза» і «Досье».

Як паведамляюць журналісты, Ігар Зяленскі ўжо некалькі гадоў жанаты з малодшай дачкой прэзыдэнта Расеі Кацярынай Ціханавай. Верагодна, ён пачаў мець зь ёй блізкія адносіны тады, калі ў 2011–2016 гадах кіраваў трупай Музычнага тэатру імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі ў Маскве.

«Зносіны Ціханавай і Зяленскага не перарываліся, нават калі малодшая дачка прэзыдэнта выйшла замуж за бізнэсоўца Кірыла Шамалава ў лютым 2013 году», — гаворыцца ў расьсьледаваньні.

Кацярына Ціханава і Кірыл Шамалаў, каляж
Кацярына Ціханава і Кірыл Шамалаў, каляж

Са спасылкай на крыніцу, якая мае доступ да базы актаў грамадзянскага стану, журналісты сьцьвярджаюць, што Ціханава і Зяленскі маюць агульную дачку.

Дарагую нерухомасьць у новага зяця Пуціна журналісты пакуль не знайшлі: усяго дзьве кватэры — вялікая (169 квадратных мэтраў) у Новасібірску і меншая (34 квадратныя мэтры) у цэнтры Санкт-Пецярбургу.

Паводле дасьледаваньня, у будучыні Зяленскі, верагодна, узначаліць Тэатар опэры і балету, які будуецца ў акупаваным Расеяй Крыме.

На пачатку красавіка журналісты «Настоящего времени» і расейскай «Медузы» апублікавалі расьсьледаваньне, паводле якога старэйшая дачка прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, Марыя Варанцова, была двойчы замужам, але ні яе былы, ні цяперашні муж не пацярпелі ад эўрапейскіх санкцыяў.

Шлюб Марыі Варанцовай і Яўгена Загорскага
Шлюб Марыі Варанцовай і Яўгена Загорскага

Цяперашні муж Марыі Варанцовай, па словах журналістаў, стаў мэнэджарам газавай кампаніі «Новатэк» і набыў кватэру ў Маскве, кошт якой ацэньваецца ў сотні мільёнаў рублёў.

Уладзімір Пуцін не пацьвярджае, але і не абвяргае, што Варанцова і Ціханава — яго дочкі.

Аднак, камэнтуючы ўвядзеньне санкцыяў супраць гэтых жанчын, прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў заявіў, што Расея адкажа на санкцыі ў дачыненьні да чальцоў сем’яў расейскіх кіраўнікоў, фактычна прызнаючы сваяцкія сувязі Варанцовай і Ціханавай з прэзыдэнтам Расеі.

  • 6 красавіка ЗША абвясьцілі пра новы пакет абмежавальных мераў у дачыненьні да расейскіх Сбербанка і Альфа-Банка, а таксама шэрагу высокапастаўленых чыноўнікаў і чальцоў іх семʼяў, у тым ліку дачок Пуціна, у адказ на агрэсію Расеі ва Ўкраіне.
  • Увечары 6 красавіка быў апублікаваны дадатак да сьпісу з двума прозьвішчамі — Варанцова (яна ж Фаасэн і Пуціна), якая нарадзілася 28 красавіка 1985 году ў Ленінградзе, і Ціханава (яна ж Шамалава і Пуціна), якая нарадзілася 31 жніўня 1986 году ў Дрэздэне.
  • Як піша Bloomberg, санкцыі супраць дачок Пуціна — «сымбалічны жэст», бо значныя актывы Ціханавай і Варанцовай за межамі Расеі невядомыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG