Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі Генштаб заявіў пра манэўры войскаў Расеі і Беларусі на межах з Украінай

Узарваны расейскі бронетранспартэр. Ілюстрацыйнае фота.
Узарваны расейскі бронетранспартэр. Ілюстрацыйнае фота.

У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны заявілі пра манэўры войскаў Расеі і Беларусі на межах з Украінай.

Паводле ўкраінскага вайсковага кіраўніцтва, частка падразьдзяленьняў беларускіх Узброеных сілаў працягвае выконваць задачы па ўзмацненьні ўкраінска-беларускай мяжы ў Берасьцейскай і Гомельскай абласьцях.

Акрамя таго, дадаюць у Генштабе УСУ, на адным з палігонаў Беларусі адбылася «трэніроўка ў навядзеньні пантоннай пераправы і фарсіраваньні воднай перашкоды».

Паводле ацэнкі ўкраінскага вайсковага кіраўніцтва, цяпер захоўваецца пагроза ракетна-бомбавых удараў з тэрыторыі Беларусі па аб’ектах інфраструктуры на тэрыторыі Ўкраіны.


Тым часам армія РФ працягвае ўтрымліваць у памежных раёнах Бранскай і Курскай абласьцей падразьдзяленьні са складу Ўсходняй вайсковай акругі «ў мэтах недапушчэньня перагрупаваньня падразьдзяленьняў украінскіх войскаў на Паўночным напрамку камандаваньня Ўзброеных сілаў РФ».

Акрамя таго, з тэрыторыі Расеі, як дадаюць у Генштабе УСУ, армія Расеі абстрэльвае населеныя пункты на тэрыторыі Сумскай і Чарнігаўскай абласьцей.

Раніцай 16 траўня Генштаб УСУ паведаміў, што расейскія войскі не спыняюць наступальных дзеяньняў ва Ўсходняй апэрацыйнай зоне, асноўныя намаганьні засяроджваюцца на Данецкім кірунку.

XS
SM
MD
LG