Калі высьветліцца, што ацэнкі пра сотні забітых або параненых салдат дакладныя, гэта будзе адно з самых сьмяротных вядомых баявых дзеяньняў у гэтай вайне, піша New York Times.
Разгром на пераправе
Зьнішчэньне расейскага батальёну пры ягонай спробе перайсьці раку ў паўночна-ўсходняй Украіне на мінулым тыдні — у шэрагу найбольш сьмяротных сутыкненьняў гэтай вайны: паводле ацэнак, заснаваных на агульнадаступных зьвестках, там больш за 400 расейскіх салдат былі забітыя або параненыя.
І па меры таго, як маштаб падзеі становіцца ўсё больш акрэсьленым, катастрофа, здаецца, прарываецца праз інфармацыйную бурбалку, якую жорстка кантралюе Крэмль.
Мабыць, найбольш уражвае тое, што няўдача на полі расейскай бітвы знайшла водгук у прарасейскіх ваенных блогераў (некаторыя зь іх працуюць з войскамі на перадавой) — якія верна пісалі ў Telegram тэксты пра посьпехі расейцаў і баязьлівасьць украінцаў.
«Камэнтары гэтых шырока чытаных блогераў могуць распальваць у Расеі сумневы адносна пэрспэктыў Расеі ў гэтай вайне і кампэтэнцыі расейскіх вайсковых кіраўнікоў», — напісаў у мінулыя выходныя Інстытут вывучэньня вайны, што базуецца ў Вашынгтоне.
11 траўня расейскае камандаваньне накіравала каля 550 вайскоўцаў 74-й мотастралковай брыгады 41-й агульнавайсковай арміі пераправіцца праз раку Северскі Данец у Белагораўцы на ўсходзе Луганскай вобласьці, каб атачыць украінскія сілы пад Рубежным.
Спадарожнікавыя здымкі паказваюць, што ўкраінская артылерыя разбурыла некалькі расейскіх пантонных мастоў і зьнішчыла шчыльную канцэнтрацыю расейскіх войскаў і тэхнікі вакол ракі.
Інстытут вывучэньня вайны, спасылаючыся на аналіз на падставе агульнадаступных здымкаў, паказаў, што магло быць да 485 забітых або параненых расейскіх салдат і зьнішчана звыш 80 адзінак тэхнікі.
Калі навіна пра страты на пераправе ў Белагораўцы пачала пашырацца, некаторыя прарасейскія блогеры ня стрымліваліся ў крытыцы некампэтэнтнага, на іх думку, кіраўніцтва.
Што пішуць праваенныя расейскія блогеры
«Я доўга маўчаў», — заявіў у апублікаваным у пятніцу відэа Юрый Падаляка, ваенны блогер, які мае 2,1 мільёна падпісчыкаў у Telegram. Ён заявіў, што дагэтуль пазьбягаў крытыкі расейскіх вайскоўцаў.
«Апошняй кропляй, якая перапоўніла маё цярпеньне, сталі падзеі вакол Белагораўкі, дзе праз глупства — я падкрэсьліваю, праз глупства расейскага камандаваньня — была спаленая як мінімум адна батальённая тактычная група, магчыма, дзьве».
Спадар Падаляка высьмеяў тэзу Крамля, што вайна ідзе «паводле пляну». У пяціхвілінным відэа ён паведаміў сваім гледачам, што насамрэч расейскай арміі «катастрафічна не хапае на фронце» функцыянальных бесьпілётных лятальных апаратаў, прыбораў начнога бачаньня і іншага.
«Так, я разумею, што на вайне ня можа ня быць праблем, — сказаў ён. — Але калі тры месяцы ідуць адны і тыя ж праблемы, і, здаецца, нічога не мяняецца, то ў мяне асабіста і фактычна ў мільёнаў грамадзян Расейскай Фэдэрацыі пачынаюцца пытаньні да гэтых кіраўнікоў ваеннай апэрацыі».
Другі папулярны блогер пад нікам Starshe Eddy ў Telegram напісаў, што той факт, што камандзіры пакінулі так шмат сваіх сіл выкрытымі, быў «не ідыятызмам, а прамым сабатажам».
А трэці, Уладлен Татарскі, паведаміў, што наступ Расеі на ўсходзе рухаецца павольна ня толькі праз адсутнасьць дронаў для назіраньня, але і праз «гэтых генэралаў» і іх тактыкі.
«Пакуль мы не атрымаем прозьвішча ваеннага генія, які паклаў БТГ (батальённая тактычная група. — РС) ля ракі, і ён за гэта не адкажа публічна, ніякіх вайсковых рэформаў у нас ня будзе», — напісаў спадар Татарскі.
Заходнія ваенныя аналітыкі таксама вывучылі выявы і кажуць, што спроба пераправы прадэманстравала ашаламляльную адсутнасьць тактычнага сэнсу.
Яны выказвалі здагадку, што расейскія камандзіры, адчайна стараючыся дасягнуць прагрэсу, прысьпешвалі апэрацыю. Некаторыя таксама выказалі здагадку, што гэта адбітак бязладзьдзя ў расейскіх шэрагах.
Калі ацэнкі, што сотні салдат былі забітыя або параненыя, акажуцца дакладнымі, гэта будзе адна з самых сьмяротных апэрацый у цяперашняй вайне.
На борце расейскага чарнаморскага флягмана «Масква», калі ў красавіку яго патапіла ўкраінская ракета, знаходзілася больш за 500 маракоў.
Крэмль спачатку настойваў, што ўратаваліся ўсе маракі, пазьней заявіў, што адзін быў забіты. Але нават калі сем’і зьніклых маракоў публічна патрабавалі адказаў, Крэмль у значнай ступені захоўваў і дагэтуль захоўвае афіцыйнае маўчаньне пра лёс экіпажа. Гэта частка больш маштабнай кампаніі па ўтойваньні дрэнных навін.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.