Офіс генпракурора Ўкраіны: праз маштабнае ўварваньне Расеі загінулі 229 дзяцей

Эвакуацыя дзяцей з зоны баёў пад Кіевам, красавік 2022
Эвакуацыя дзяцей з зоны баёў пад Кіевам, красавік 2022

Гэтыя лічбы не канчатковыя.

Ва Ўкраіне колькасьць дзяцей, якія загінулі ў выніку маштабнага ўварваньня Расеі, узрасла да 229, параненых — да сама меней 421, паведаміў Офіс генпракурора 16 траўня.

«Гэтыя лічбы не канчатковыя, бо ідзе праца па іх выяўленьні ў месцах вядзеньня актыўных баявых дзеяньняў, на часова акупаваных і вызваленых тэрыторыях. Больш за ўсё пацярпела дзяцей у Данецкай вобласьці — 140, Кіеўскай — 116, Харкаўскай — 100, Чарнігаўскай — 68, Херсонскай — 48, Луганскай — 45, Мікалаеўскай — 44, Запароскай — 28, Сумскай — 17, у Кіеве — 16, Жытомірскай — 15 », — гаворыцца ў паведамленьні.

У пракуратуры ўдакладнілі, што 14 траўня ў выніку абстрэлу войскамі РФ сяла Лябяжага Чугуеўскага раёна Харкаўскай вобласьці атрымаў раненьне 15-гадовы хлопчык.

Акрамя таго, стала вядома, што 8 сакавіка ў выніку авіяўдару войскамі РФ па Марыюпалі Данецкай вобласьці загінула 15-гадовая дзяўчынка, а 18 сакавіка пры расейскі абстрэле гораду — 16-гадовы падлетак, дадалі ў Офісе генпракурора.

Бамбаваньнямі і абстрэламі Ўзброеных сілаў РФ украінскіх гарадоў і сёлаў пашкоджана 1 748 навучальных устаноў, пры гэтым 144 зь іх разбураны цалкам, паведамілі ў пракуратуры.

​
XS
SM
MD
LG