Украінскі востраў Зьмяіны, акупаваны расейскімі войскамі
Кампанія Maxar Technologies 12 траўня зрабіла спадарожнікавыя здымкі наступстваў абстрэлаў украінскага вострава Зьмяіны ў Чорным моры, які акупавала Расея.
На здымках, якія апублікавала агенцтва Reuters, можна пабачыць разбураныя абстрэламі будынкі, а таксама затанулае судна, якое Maxar ідэнтыфікуе як дэсантны карабель тыпу «Серна».
Таксама Maxar Technologies публікуе спадарожнікавыя здымкі, на якіх, паводле сьцьвярджэньня кампаніі, пэўна, зафіксаваны момант ракетнага ўдару па дэсантным катэры. У подпісе да здымкаў гаворыцца, што яны зробленыя 12 траўня.
Два слупы дыму відаць побач з расейскім дэсантным караблём «Серна» ў Чорным моры. Судна робіць круты паварот, калі ракета трапляе ў ваду.
Як менавіта затанула расейскае судна, застаецца незразумелым. Reuters піша, што карабель «Серна» зьнішчылі недалёка ад марской мяжы Ўкраіны з Румыніяй. «За апошнія тыдні Ўзброеныя сілы Ўкраіны неаднаразова і пасьпяхова зьнішчалі расейскія сілы і тэхніку на востраве Зьмяіны», — адзначыла агенцтва.
12 траўня ў зводцы Генштабу Ўзброеных сіл Украіны аб баявых стратах РФ за дзень паведамлялася аб зьнішчэньні аднаго расейскага карабля або катэра, безь якіх-небудзь падрабязнасьцяў.
8 траўня ўкраінскае апэратыўнае камандаваньне «Поўдзень» паведамляла, што падчас налёту ўкраінскіх бесьпілётнікаў на востраў Зьмяіны істотна пацярпеў расейскі дэсантны катэр.