Джо Байдэн: У Пуціна няма выйсьця зь цяперашняга становішча

Джо Байдэн
Джо Байдэн

Прэзыдэнт ЗША выказаў занепакоенасьць тым, што Пуцін стаў закладнікам учыненай ім самім вайны.

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што яго турбуе, што ў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна няма магчымасьці выхаду з вайны з Украінай. Байдэн дадаў, што паспрабуе прыняць рашэньне аб тым, што трэба зрабіць у цяперашнім становішчы, піша Reuters.

Байдэн заявіў, што Пуцін памылкова меркаваў, што ўварваньне ва Ўкраіну прывядзе да расколу NATO і Эўрапейскага зьвязу. Замест гэтага ЗША і многія эўрапейскія дзяржавы прыйшлі на дапамогу Ўкраіне. У сакавіку быў адбіты наступ расейскіх войскаў на Кіеў. Пасьля гэтага Расея пачала буйны наступ на ўсход Украіны, але й там не дасягнула значных посьпехаў.

Як адзначаюць заходнія выведкі, нават тое нязначнае прасоўваньне расейцаў наперад дасягаецца цаною вялікіх стратаў тэхнікі і асабовага складу.

Байдэн адзначыў, што яго непакоіць, што «цяпер у яго (Пуціна) няма выйсьця (з гэтага становішча)».

9 траўня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў закон аб лэнд-лізе для Ўкраіны. Гэты закон аднаўляе праграму часоў Другой сусьветнай вайны, якая дазволіць паскорыць пастаўкі Ўкраіне зброі і павялічыць аб’ёмы такой дапамогі. Сэнат ЗША аднагалосна падтрымаў яго 6 красавіка. Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ўхваліла гэты законапраект 28 красавіка.

​
XS
SM
MD
LG