Увечары 9 траўня расейцы абстралялі ракетамі Адэсу, адзін чалавек загінуў

Прэм'ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль і прэзыдэнт Эўрапейскай рады Шарль Мішэль у сховішчы падчас ракетнай атакі расейскіх войскаў, 9 траўня 2022
Прэм'ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль і прэзыдэнт Эўрапейскай рады Шарль Мішэль у сховішчы падчас ракетнай атакі расейскіх войскаў, 9 траўня 2022

Адэская вобласьць была абстраляная ракетамі ўвечары 9 траўня. Загінуў адзін чалавек, пяцёра параненыя. Пажарнікі некалькі гадзін тушылі пажары, якія ўзьніклі ў выніку абстрэлаў.

Пра абстрэлы паведаміў тэлеканал «Украіна 24» са спасылкай на прэс-сакратара абласной адміністрацыі Сяргея Братчука.

Па дадзеных украінскіх вайскоўцаў, у выніку абстрэлаў загінуў адзін чалавек, яшчэ пяцёра параненыя. Апэратыўнае камандаваньне «Поўдзень» украінскай арміі паведамляе, што ўсяго па Адэсе было выпушчана сем ракет. У выніку зьнішчаны гандлёвы цэнтар і склад тавараў.

ДСНС Украіны апублікавала наступствы вячэрняга абстрэлу. Па дадзеных ратавальнікаў, 9 траўня ў 22:35 ракеты пацэлілі ў гандлёва-забаўляльны цэнтар у вёсцы Фантанка і ў тры складзкія памяшканьні ў Сувораўскім раёне Адэсы. Узьніклі пажары агульнай плошчай больш за 2000 кв. м, іх удалося патушыць.

Падчас ракетнага ўдару ў Адэсе знаходзіліся прэзыдэнт Эўрапейскай рады Шарль Мішэль і прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль. Праз паветраную трывогу ім давялося хавацца ў сховішчы.

​
XS
SM
MD
LG