Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайна за аб’яднаную Эўропу. Чаму Беларусь ня можа заставацца ў ёй нэўтральнай


Прэзыдэнтка Эўракамісіі Урсула фон дэр Ляен паціскае руку прэзыдэнту Ўкраіны Уладзіміру Зяленскаму падчас прэс-канферэнцыі ў Кіеве, 8 красавіка 2022 году
Прэзыдэнтка Эўракамісіі Урсула фон дэр Ляен паціскае руку прэзыдэнту Ўкраіны Уладзіміру Зяленскаму падчас прэс-канферэнцыі ў Кіеве, 8 красавіка 2022 году

Расейска-ўкраінская вайна — гэта як вайна двух «дзявятых траўня». З аднаго боку, дзявятага траўня як Дзень Эўропы, сьвята адзінства мірнага дэмакратычнага свабоднага эўрапейскага кантынэнту, які асэнсоўвае сваю гісторыю і стварае супольную будучыню.

З другога — дзявятага траўня як пуцінскі «Дзень Перамогі». У ім даўно ідзецца не пра колішнюю перамогу над гітлераўскім нацызмам і нават не пра сэнтымэнтальнае савецкае «сьвята са сьлязьмі на вачах», а пра фантазіі групы састарэлых былых афіцэраў КДБ СССР аб перамозе іхнай прымітыўнай карумпаванай тыраніі над дэмакратычным Захадам.

9 траўня ў сьвеце адзначаецца Дзень Эўропы. У гэты дзень у 1950 годзе міністар замежных справаў Францыі Рабэр Шуман выступіў са славутай прамовай, у якой прапанаваў новую форму палітычнага і эканамічнага супрацоўніцтва між краінамі Эўропы. Шуманаўская дэклярацыя лічыцца пачатковым пунктам агульнаэўрапейскіх інтэграцыйных працэсаў, галоўнай формаю якіх стаў Эўрапейскі Зьвяз.

Эўрапейская інтэграцыя сталася вынікам Другой сусьветнай вайны. Яна мелася быць гарантыяй супраць паўтарэньня вайны на нашым кантынэнце. На жаль, ня стала.

Украінцы — першыя, хто ваюе за аб’яднаную свабодную Эўропу

Нягледзячы на выразны ваенны кантэкст, эўраінтэграцыя для большасьці жыхароў Эўропы была збольшага рутынным бюракратычным працэсам. Прыемным і выгадным побытавым і эканамічным апгрэйдам. Альбо нагодай за півам паскардзіцца на выбраных палітыкаў, засільле польскіх сантэхнікаў або падаражаньне тавараў з прычыны пераходу на эўра.

Украінцы — першая ў гісторыі нацыя, якая за эўрапейскую інтэграцыю вымушана змагацца збройна. Цяперашняя вайна фактычна пачалася ў 2013 годзе з Эўрамайдану, калі пуцінская Расея любой цаной хацела прадухіліць падпісаньне Ўкраінай дамовы аб асацыяцыі з Эўрапейскім Зьвязам. Дамовы даволі павярхоўнай і незьмястоўнай, каштоўнай хіба ў сымбалічным пляне.

Гэтая вайна — вайна ўкраінцаў за фундамэнтальныя каштоўнасьці, якія прынята называць эўрапейскімі: чалавечую годнасьць, свабоду, дэмакратыю, роўнасьць, законнасьць, чалавечыя правы. Акурат усё тое, супраць чаго дзесяцігодзьдзямі ў сваіх краінах змагаюцца рэжымы Пуціна і Лукашэнкі. Змагаючыся за гэтыя каштоўнасьці, украінцы заслужылі сяброўства ў Эўрапейскім Зьвязе больш, чым шмат хто іншы.

Беларусь — у Эўропу

Разьдзеленая Беларусь у гэтай вайне ўдзельнічае адразу з абодвух бакоў.

Лукашэнка ў характэрнай манэры спрабуе класьці яйкі адразу ва ўсе кошыкі. Дапамагае расейскім ракетным і авіяцыйным ударам па Ўкраіне, вуснамі сваёй прапаганды паўтарае расейскія тэмнікі. Адначасова з гэтым раздае міралюбныя інтэрвію заходнім журналістам, спрабуе намацаць кантакты з Эўропай — мабыць, небеспасьпяхова, зважаючы на скандальныя заявы Арастовіча пра нежаданьне ўкраінцаў ладзіць сустрэчу Зяленскага зь Ціханоўскай.

Беларускае грамадзтва, на першы погляд, мае мала спосабаў, каб выразна і гучна ўзьдзейнічаць на сытуацыю. Беларусам застаецца гераічны партызанскі супраціў усярэдзіне Беларусі і далучэньне да беларускіх батальёнаў у складзе Збройных сілаў Украіны.

Але цалкам магчыма, што гэтыя рэчы папраўдзе ўплываюць на паводзіны Лукашэнкі больш, чым мы ведаем.

Падтрымліваючы Ўкраіну, мы падтрымліваем эўрапейскую будучыню Беларусі. Перамога Ўкраіны можа зрабіцца моцным імпульсам для эўрапеізацыі Беларусі, для вялікіх хістаньняў у шэрагах рэжыму, дзе ў падпольлі працягваюць заставацца адэкватныя людзі і дзе сярод «ястрабаў» куды больш прыстасаванцаў і баязьліўцаў, чым ідэйных лукашыстаў.

Дэмакратычная і свабодная Эўропа павінна заставацца для нас арыенцірам, мэтай і пуцяводнай зоркай. Сьвет вялікі і шматпалярны, але Беларусі пашанцавала знаходзіцца побач з найбольш разьвітым, заможным і справядлівым з гэтых полюсаў.

Досьвед краінаў Балтыі і Ўкраіны паказаў, што ў сытуацыі Беларусі нельга заставацца «нэўтральнай». «Нэўтралітэт» паміж Эўропай і не-Эўропай, паміж NATO і не-NATO — гэта нэўтралітэт паміж дабром і злом, паміж мірам і вайной, паміж дэмакратыяй і тыраніяй.

А такі «нэўтралітэт», як паказаў беларускі досьвед, можа скончыцца перамогай зла, вайны і тыраніі. Прынамсі, на нейкім гістарычным этапе.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 году сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG