Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэрмэра, які спрабаваў ісьці ў прэзыдэнты, папраўдзе не судзілі за наркотыкі. Ён на волі і падаў у суд на гомельскую тэлевізію за рэпартаж


Юры Ганцэвіч, фота 2019 году
Юры Ганцэвіч, фота 2019 году

Гомельскага фэрмэра Юрыя Ганцэвіча, які ўдзельнічаў у парлямэнцкіх выбарах 2019 году і прэзыдэнцкіх выбарах 2020-га, папраўдзе не судзілі паводле «наркатычнага» артыкулу, хаця ў навінах рэгіянальнага тэлеканалу яго паказалі ў клетцы ў судовай залі.

Як паведамлялася ў сюжэце, мужчыну абвінавацілі ў тым, што з красавіка 2020-га па жнівень 2021 году ён працаваў на інтэрнэт-краму наркотыкаў: атрымліваў тавар у Расеі, фасаваў і рабіў закладкі ў Гомельскай вобласьці. Паводле сьледзтва, ён пасьпеў збыць псыхатропы як мінімум 7 пакупнікам, зарабіўшы каля 160 тысяч рублёў. Мужчыну нібыта асудзілі на пазбаўленьне волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Тэрмін па тэлевізіі не ўдакладнілі.

Імя асуджанага ў навінах не назвалі, але паказалі ў клетцы ў залі якраз Юрыя Ганцэвіча.

«Абылгалі мяне. Напісаў на ўсіх заявы, у тым ліку і на гомельскую тэлевізію», — расказаў Эўрарадыё Юры Ганцэвіч.

Ён лічыць, што рэпартаж пра суд па «наркатычным» артыкуле, у якім яго паказалі, — гэта спэцапэрацыя супраць яго. Фэрмэр зьбіраецца зарэгістраваць сваю палітычную партыю пад назвай «ЛДПБ Каза Машка», каб «працягнуць справу Ўладзіміра Жырыноўскага і дапамагаць бедным людзям». Пры гэтым аб’яднацца з партыяй Алега Гайдукевіча, які лічыўся паплечнікам Жырыноўскага ў Беларусі, Ганцэвіч ня хоча, бо тая «ідзе нага ў нагу з уладай», а сам Гайдукевіч і яго атачэньне «не трымалі рыдлёўкі ў руках».

Юры Ганцэвіч — фэрмэр і ўладальнік аграсядзібы пад Гомлем. Ён вылучаўся ў дэпутаты на парлямэнцкіх выбарах 2019 году, а ў 2020 годзе заявіў, што ідзе ў прэзыдэнты, каб змагацца з «анархіяй чыноўнікаў» і быць «запасным варыянтам Ціханоўскага». Ён пазыцыянаваў сябе як прыхільнік Сяргея Ціханоўскага і «Страны для жизни», завёў блог «Народны дэпутат», ладзіў пікет на трактары, браў на перадвыбарчую агітацыю карову і казу.

Увесну 2020 году Ганцэвіч абвясьціў, што балятуецца ў прэзыдэнты, быў адным зь дзясяткаў кандыдатаў «Страны для жизни», але не сабраў подпісы.

У жніўні 2020 году перад выбарамі яго затрымлівалі як падазраванага паводле артыкулу аб абразе міліцыянтаў. Пасьля выбараў на праўладным канале, зьвязаным зь сілавікамі, зьявілася відэа, у якім Ганцэвіч расказвае на камэру аб тым, што ішоў на выбары, каб «макнуць апазыцыю ў г***о», а апазыцыя яго «кіданула».

У красавіку 2021 году ён прыняў удзел у здымцы пастановачнага відэа праўладнага блогера, дзе мужчыну б'юць нібыта за бел-чырвона-белы сьцяг на дзіцячым ровары. Пасьля гэтага Ганцэвіч выказаўся пра тое, што тэлеграм-каналы — гэта «памыйніцы», а Сьвятлану Ціханоўскую, паплечнікам якой ён некалі быў, «запраграмавалі і завэрбавалі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG