4 траўня стала вядома пра гібель яшчэ двух украінскіх журналістаў, якія пасьля пачатку расейскага ўварваньня пайшлі добраахвотнікамі на службу ва Ўзброеныя сілы Ўкраіны, — ваеннага карэспандэнта тэлеканалаў «Україна 24» і «Дом» Аляксандра Махава і колішняга мэнэджэра тэлеканалу «Суспільне:Черкаси» Яўгена Старынца.
Аляксандар Махаў загінуў 4 траўня ў часе баёў пад Ізюмам Харкаўскай вобласьці, а Яўген Старынец — 30 красавіка ў баях пад Папаснай на Луганшчыне.
3 траўня, калі ў сьвеце адзначаўся Дзень свабоды друку, Нацыянальны саюз журналістаў Украіны абвясьціў аб стварэньні Фонду памяці загінулых ад расейскай агрэсіі журналістаў, дзейнасьць якога будзе накіраваная на дапамогу іхным сем’ям.
Для гэтага адкрылі асобны банкаўскі рахунак, на які заклікалі арганізацыі і СМІ — нацыянальныя і замежныя — дабрачынна пералічваць грошы.
Першы ўнёсак на гэты рахунак у памеры 30 тысяч грыўняў зрабіў Нацыянальны саюз журналістаў Украіны.
З 24 лютага, калі Расея пачала адкрытую ваенную агрэсію супраць Украіны, загінулі 25 украінскіх і замежных журналістаў:
- 1. П’ер Закшэўскі (апэратар тэлеканала Fox News, грамадзянін Ірляндыі (загінуў 14 сакавіка падчас артылерыйскіх абстрэлаў расейскімі войскамі ў вёсцы Горанка Кіеўскай вобласьці).
- 2. Аляксандра Куўшынава (украінская фіксэрка, журналістка (загінула 14 сакавіка разам з Пʼерам Закшэўскім у Горанцы Кіеўскай вобласьці).
- 3. Аляксандар Лыткін (украінскі журналіст, супрацоўнічаў з інфармацыйным парталам «КНК Медіа». Абставіны і час ягонай гібелі высьвятляюцца).
- 4. Паўло Лі (украінскі журналіст і актор, загінуў 6 сакавіка пад Ірпянём, ваяваў у складзе тэрытарыяльнай абароны).
- 5. Сяргей Пушчанка (харкаўскі журналіст, пайшоў добраахвотнікам у войска, загінуў 2 сакавіка пад Кіевам).
- 6. Яўген Сакун (апэратар тэлеканала LIVE, загінуў 1 сакавіка падчас расейскага ракетнага абстрэлу тэлевежы ў Кіеве).
- 7. Брэнт Энтані Рэно (амэрыканскі журналіст і рэжысэр, былы карэспандэнт The New York Times, расстраляны расейцамі 13 сакавіка ў Ірпяні на блёкпасту).
- 8. Аксана Бауліна (журналістка расейскага The Insider, Фонду барацьбы з карупцыяй Аляксея Навальнага, загінула 23 сакавіка пад расейскім абстрэлам у Кіеве падчас выкананьня рэдакцыйнага заданьня).
- 9. Дылербек Шакіраў (украінскі грамадзкі журналіст інфармацыйнага тыднёвіка «Навколо тебе», расейцы расстралялі яго з аўтамата 26 лютага ў вёсцы Зяленаўка Херсонскай вобласьці).
- 10. Віктар Дзедаў (украінскі тэлеапэратар, загінуў 11 сакавіка пры абстрэле дома, у якім ён жыў у Марыюпалі).
- 11. Віктар Дудар (львоўскі журналіст, пайшоў добраахвотнікам у войска, загінуў 7 сакавіка ў баі з расейцамі непадалёк ад Мікалаева).
- 12. Лілія Гумянова (выкладчыца журналістыкі, загінула 19 сакавіка ў Марыюпалі падчас расейскага абстрэлу).
- 13. Юры Алейнік (апэратар тэлеканалу «24», пайшоў добраахвотнікам у войска, загінуў 23 сакавіка ў баях за Папасную ў Луганскай вобласьці).
- 14. Алег Якунін (запароскі журналіст, галоўны рэдактар Afisha.zp, пайшоў добраахвотнікам у войска, загінуў 18 сакавіка).
- 15. Максім Левін (вядомы ўкраінскі фотарэпартэр і дакумэнталіст, дата гібелі невядомая, цела знайшлі пад Кіевам).
- 16. Мантас Кведаравічус (літоўскі рэжысэр і дакумэнталіст, трапіў у палон да расейцаў у Марыюпалі, яго катавалі, а потым расстралялі).
- 17. Сяргей Заікоўскі (украінскі публіцыст, гісторык і перакладчык, пайшоў на службу ў войска, загінуў 2 сакавіка ў баях пад Кіевам).
- 18. Дзяніс Катэнка (дняпроўскі журналіст, супрацоўнік прэсавай службы Міністэрства абароны Ўкраіны, загінуў 25 сакавіка).
- 19. Яўген Баль (76-гадовы журналіст, пісьменьнік, валянтэр, загінуў 2 красавіка пасьля катаваньняў у расейскім палоне).
- 20. Раман Нежыборац (відэаінжынэр каналу «Дитинець», загінуў у акупацыі ў сяле Ягаднае пад Чарнігавам, пра ягоную гібель стала вядома толькі 10 красавіка).
- 21. Зараслаў Замойскі (загінуў у Ірпяні, у часе акупацыі гораду расейцамі, стала вядома пра гібель у пачатку красавіка).
- 22. Валерыя Глодан (адэская журналістка, загінула 23 красавіка ў выніку расейскага абстрэлу Адэсы).
- 23. Вера Гірыч (журналістка ўкраінскай службы Радыё Свабода, загінула ад расейскага абстрэлу Кіева 28 красавіка).
- 24. Аляксандар Махаў (ваенны карэспандэнт тэлеканалаў «Україна 24» і «Дом», загінуў 4 траўня ў часе баёў пад Ізюмам Харкаўскай вобласьці).
- 25. Яўген Старынец (колішні мэнэджэр тэлеканалу «Суспільне:Черкаси», загінуў 30 красавіка ў баях пад Папаснай на Луганшчыне).
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.