Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржсакратар ЗША: «Нашы думкі з блізкімі Шушкевіча і народам Беларусі, які працягвае барацьбу за дэмакратычную краіну»


Станіслаў Шушкевіч
Станіслаў Шушкевіч

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі 87-гадовы Станіслаў Шушкевіч памёр у ноч з 3 на 4 траўня. Шэраг замежных палітыкаў выказалі свае спачуваньні сям’і Шушкевіча і народу Беларусі.

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен адрэагаваў на сьмерць першага кіраўніка незалежнай Рэспублікі Беларусь Станіслава Шушкевіча.

Ён напісаў у Twitter, што ў Вашынгтоне «з жалем» успрынялі гэтую вестку з Менска.

Шушкевіч «прывёў Беларусь да незалежнасьці», адзначае Блінкен.

«Нашы думкі з яго блізкімі і народам Беларусі, які працягвае барацьбу за дэмакратычную, квітнеючую і мірную краіну», — дадае дзяржсакрар ЗША.

Станіслаў Шушкевіч памёр у ноч з 3 на 4 траўня на 88-м годзе жыцьця. Разьвітаньне з ім пройдзе ўвечары ў пятніцу і днём у суботу ў Чырвоным касьцёле ў Менску.

Шушкевіч у 1991-1994 гадах быў кіраўніком беларускага парламэнту. У снежні 1991-га ён падпісаў Белавескія пагадненні, якія пахавалі Савецкі Саюз і адкрылі шлях да незалежнасці былых савецкіх рэспублік.

Кіраўніца ўраду Літвы Інгрыда Шыманіцэ 4 траўня напісала:

«Засмучана сьмерцю Станіслава Шушкевіча, першага і пакуль адзінага кіраўніка незалежнай, дэмакратычнай Беларусі. Яго подпіс пад дэклярацыяй аб распадзе Савецкага Саюза будзе жыць у гісторыі, памяць аб ім — у нашых сэрцах. Спачуваньні сям’і #СвабоднаяБеларусь».

Міністар замежных спраў Латвіі Эдгар Рынкевіч напісаў:

«Мае глыбокія спачуваньні беларускаму народу, родным і блізкім Станіслава Шушкевіча — першага кіраўніка дзяржавы Беларусь. Мы ў Латвіі шануем яго спадчынай стварэньня незалежнай Беларусі і разбурэньня імпэрыі зла — Савецкага Саюза».

Міністар замежных спраў Польшчы Зьбігнеў Раў напісаў:

«Пайшоў з жыцьця Станіслаў Шушкевіч, кіраўнік Беларусі, якую ён увёў на шлях незалежнасьці і дэмакратыі пасьля распаду СССР. З глыбокім сумам разьвітваюся з праведнікам, адданым свайму народу, сваёй Айчыне, справе свабоды, сябрам Польшчы і вольнага сьвету».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG