Прэзыдэнт Чэхіі: Расею чакае «палітычны і рэпутацыйны канец»

Прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман
Прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман

Прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман назваў «вар’яцтвам» рашэньне Крамля пачаць вайну супраць Украіны і заявіў, што вынікам гэтых дзеяньняў для Расеі стане «палітычны, эканамічны і рэпутацыйны канец».

Паводле яго слоў, з пункту гледжаньня інтарэсаў расейскага народу немагчыма было прыдумаць нічога горш, чым напад на Ўкраіну.

Магчымае прымяненьне Расеяй ядзернай зброі, паводле слоў Зэмана, азначала б, што краіна «адмаўляецца ад свайго далейшага існаваньня», паколькі краіны NATO нанесьлі б ядзерны ўдар у адказ.

На думку Зэмана, Уладзімір Пуцін «зьдзейсьніў злачынства супраць сьвету, што зьяўляецца сынонімам ваеннага злачынства». Чэскі прэзыдэнт лічыць, што адзіны станоўчы момант, які прынесла расейскае ўварваньне ва Украіну, — гэта канец ілюзій, якія існавалі ў многіх за межамі РФ, аб незвычайнай сіле і падрыхтаванасьці расейскай арміі.

Гэтыя заявы Мілаш Зэман зрабіў у нядзельным інтэрвію чэскаму тэлеканалу CNN Prima News.

Па словах чэскага прэзыдэнта, Пуцін апынуўся ў палоне ілюзій аб сіле Расеі і яе войска і пачаў дзейнічаць ірацыянальна.

Да ўварваньня Расеі ва Ўкраіну Зэман лічыўся адным з галоўных саюзьнікаў Крамля сярод эўрапейскіх палітыкаў. Цяпер ён кажа, што зьмяніў сваю пазыцыю з-за пачатку вайны. Ён ужо некалькі разоў пасьля пачатку ўварваньня выступаў з публічнай крытыкай дзеяньняў Масквы. Многія камэнтатары завярнулі ўвагу на незвычайна рэзкі тон у першыя гадзіны пасьля ўварваньня 24 лютага: тады Зэман назваў Пуціна «варʼятам» і сказаў, што яго «неабходна ізаляваць». Чэхія адносіцца да тых краін ЭЗ, якія стаяць на найбольш жорсткіх пазыцыях у адносінах да дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне.

​
XS
SM
MD
LG