«Я так жудасна стамілася, не было нават сіл гаварыць. Столькі інфармацыі, асоб, рухаў і ўражаньняў. Я ад гэтага ўжо адвыкла. Трохі нязручна ехаць у аўтазаку, таму што кайданкі ззаду і рэжуць рукі, але дзякуй Богу, што іх ня моцна зацягваюць. І добра, што іх здымаюць у клетцы. Калі ехала ў аўтазаку, то думала пра тое, дзе мы праяжджаем мой дом. Горка ад гэтых думак. Але я супакойвала сябе фразай: усё, што нас не забівае, робіць мацнейшымі. І яшчэ я ціхенька сьпявала „Купалінку“, каб не было страшна.
У судзе, калі апынулася і ўбачыла шмат людзей, мне так захацелася дадому. Проста ўзяць і выйсьці за дзьверы. І ў мяне было адчуваньне, быццам і не было гэтых 19 турэмных месяцаў, што ўсё гэта я прысьніла. Але гэта таксама былі горкія думкі. Трэба перажыць і вытрываць гэты цяжкі пэрыяд», — напісала Рабкова ў лісьце.
Судовы працэс над каардынатаркай Валянтэрскай службы «Вясны» Марфай (Марыяй) Рабковай, а таксама валянтэрам «Вясны» Андрэем Чапюком і яшчэ 8 палітвязьнямі пачаўся ў Менскім гарадзкім судзе 25 красавіка. У першы ж дзень судовы працэс зрабілі закрытым.
Рабкову судзяць паводле 11 артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі выступілі з заявай у падтрымку Марфы Рабковай і Андрэя Чапюка.
Праваабаронцаа знаходзіцца ў зьняволеньні з 17 верасьня 2020 году. Адрас: СІЗА-1. 220030, г. Менск, вул. Валадарскага, 2. Марыі Аляксандраўне Рабковай.
Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»
Па стане на 3 сакавіка 2022 году за кратамі знаходзяцца 6 актывістаў «Вясны».
17 верасьня 2020 году затрымалі праваабаронцу «Вясны» Марфу Рабкову. Яна за кратамі ад таго часу. Спачатку ёй выставілі абвінавачаньне паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу — «навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці». Потым дадаліся абвінавачаньні ў «распальваньні сацыяльнай варожасьці да ўлады» (ч. 3 арт. 130 КК) і «ўдзел у злачыннай арганізацыі» (ч. 2 арт. 285 КК).
- 6 верасьня 2022 году Марфе Рабковай прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы
Таксама застаюцца зьняволенымі:
- Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
- Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня.
- Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
Выйшла на волю:
- Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў