Як мінабароны Беларусі адрэагавала на шматнацыянальныя вайсковыя вучэньні «Defender Europe» і «Cold Response»

Вучэньні Defender Europe ў Баўгарыі ў траўні 2021 году.
Вучэньні Defender Europe ў Баўгарыі ў траўні 2021 году.

Міністэрства абароны Беларусі мяркуе, што NATO рыхтуецца да баявых дзеяньняў на тэрыторыі Ўсходняй Эўропы. Гэта вынікае з паведамленьня прэс-службы ваеннага ведамства.

Заява прагучала ў сувязі са шматнацыянальнымі ваеннымі вучэньнямі Defender Europe — 2022, якія пройдуць 1— 27 траўня на тэрыторыі 19 эўрапейскіх дзяржаваў, а таксама ў акваторыі Балтыйскага і Паўночнага мораў.

У Мінабароны Беларусі заявілі, што ў рамках вучэньняў будуць адпрацаваныя «розныя варыянты перакідкі кааліцыйных груповак войскаў (сіл) у Эўропе», будзе праверана «гатоўнасьць і магчымасьць» інфраструктуры эўрапейскіх дзяржаў «па прыёме і разьмяшчэньні войскаў (сіл) узмацненьня», а таксама забесьпячэньні «кааліцыйных груповак войскаў» у ходзе правядзеньня «апэрацыі ва Усходняй Эўропе і Прыбалтыцы».

Асноўныя манэўры, паводле інфармацыі ваеннага ведамства, пройдуць на тэрыторыі сумежных з Беларусьсю дзяржаў — на палігонах Адажы (Латвія), Падбродзьдзе (Літва), Жагань і Ожыш (Польшча), а таксама навучальным цэнтры сухапутных войскаў Драўска (Польшча).

Адзначаецца, што ад ЗША да вучэньняў прыцягнуць больш за 12 тыс. вайскоўцаў, 80 танкаў, 150 баявых браніраваных машын, 50 адзінак артылерыі і 30 баявых верталётаў. Таксама заяўлена, што ў манэўрах на тэрыторыі Польшчы краіны-ўдзельніцы задзейнічаюць каля 6.000 вайскоўцаў, 100 танкаў, 150 баявых браніраваных машын і 60 адзінак артылерыі.

У Мінабароны зьвярнулі ўвагу, што «на адзіным апэратыўным фоне» з вучэньнямі Defender Europe — 2022 «сплянавана правядзеньне вучэньняў аб’яднаных узброеных сіл NATO „Cold Response — 2022“ (на тэрыторыі Грузіі, Латвіі, Літвы, Паўночнай Македоніі і Нарвэгіі) і нацыянальных Узброеных сіл Славакіі „Славацкі шчыт — 2022“ на палігоне Лешць».

«Відавочна, што зараз Паўночнаатлянтычны альянс разглядае Ўсходне-Эўрапейскі рэгіён як найбольш верагодны тэатар ваенных дзеяньняў», — лічаць у беларускім ваенным ведамстве.

  • У лютым на тэрыторыі Беларусі прайшлі вайсковыя вучэньні «Саюзная рашучасьць-2022», пасьля якіх было заяўлена, што вываду расейскіх войскаў зь беларускай зямлі ня будзе. Расейскія войскі і тэхніка з тэрыторыі Беларусі атакавалі Ўкраіну 24 лютага.

​
XS
SM
MD
LG