Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія памежнікі: Расея абстрэльвае Чарнігаўскую і Сумскую вобласьць са сваёй тэрыторыі


Ілюстрацыйнае фота. Настпуствы абстрэлаў у Чарнігаве, 22 красавіка 2022
Ілюстрацыйнае фота. Настпуствы абстрэлаў у Чарнігаве, 22 красавіка 2022

У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны заявілі, што памежныя пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю па-ранейшаму застаюцца закрытымі і не займаюцца афармленьнем грамадзян на ўезд ці выезд.

«Пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю, Расеяй, а таксама ў сэгмэнце з Прыднястроўем, што на мяжы з Малдовай, закрытыя. Увесь пасажырапаток ажыцьцяўляецца толькі на захадзе Ўкраіны і на мяжы з Малдовай», — паведаміў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка 29 красавіка ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону.

Андрэй Дземчанка падкрэсьліў, што падразьдзяленьні ўкраінскай памежнай службы выйшлі на ахову мяжы на ўсіх кірунках Кіеўскай, Чарнігаўскай і Сумскай вобласьці.

«Мы бачым правакацыі ворага, які зьдзяйсьняе абстрэлы ўкраінскай тэрыторыі з тэрыторыі Расеі — па Сумскай вобласьці, і актыўна — па Чарнігаўскай вобласьці. Увогуле, магу дадаць, што ўчора (28 красавіка. — РС) па Чарнігаўскай вобласьці адбыліся тры абстрэлы. Гэта небясьпечна ня толькі для памежнікаў ці ўкраінскіх памежнікаў, а і грамадзян, якія перамяшчаюцца ў памежжы», — дадаў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны.

Андрэй Дземчанка паведаміў, што ў Сумскай вобласьці ўвялі дадатковыя абмежаваньні для перамяшчэньня грамадзян бліжэй за адзін кілямэтар да мяжы. Аналягічныя абмежаваньні плянуюць увесьці ў Чарнігаўскай вобласьці. «У памежна-кантраляваных раёнах будуць забароненыя перамяшчэньні ў начны час, адпачынак у лесе, правядзеньне якіх-небудзь работ у радыюсе 20 кілямэтраў ад мяжы», — удакладніў ён.

Украінскія СМІ паведамілі, што 28 красавіка расейцы тройчы абстралялі пазыцыі Ўкраіны ў Чарнігаўскай вобласьці паблізу памежнага пункту Сенькаўка (там раней дзейнічалі пункты пропуску на мяжы і з Расеяй, і зь Беларусьсю. — РС) і непадалёк Сямёнаўскай аб’яднанай тэрытарыяльнай грамады, якая мяжуе з Расеяй. Адлегласьць між Сенькаўкай і Сямёнаўкай складае 117 км.

Дарадца міністра ўнутраных спраў Антон Герашчанка паведамляў, што абстрэлы Кіева 28 красавіка адбываліся з Крыму.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG