Генэральны пракурор Украіны Ірына Венядзіктава назвала імёны дзесяці расейскіх вайскоўцаў, якія, паводле яе, маюць дачыненьне да катаваньняў мірных жыхароў і марадэрства ў горадзе Бучы Кіеўскай вобласьці, дзе за час расейскай акупацыі загінулі сотні мірных жыхароў.
Імёны расейскіх вайскоўцаў, якіх украінская пракуратура падазрае ў злачынствах, пералічаныя на старонцы Венядзіктавай у фэйсбуку, там жа апублікаваныя фатаграфіі. Гаворка ідзе пра салдатаў у званьнях ад шарагоўца да яфрэйтара, афіцэраў сярод іх няма.
Па дадзеных Бучанскай акруговай пракуратуры, гаворка ідзе пра вайскоўцаў 64-й асобнай мотастралковай брыгады Сухапутных войскаў расейскай арміі, якая ў сакавіку займала пазыцыі ў Бучы. Венядзіктава нагадала, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін прысвоіў гэтай быгадзе ганаровае званьне «Гвардзейская».
Вуліцы Бучы заваленыя целамі мірных жыхароў пасьля расейскай акупацыі — фотасьведчаньне
1/13
У першыя дні красавіка шэраг журналістаў змаглі патрапіць у найбуйнейшыя гарады Кіеўскай вобласьці адразу пасьля іх вызваленьня.
Гэтая спасылка працуе нават там, дзе наш сайт заблякаваны
Паказаць яшчэПаказаць менш
Previous slide
Next slide
Сьцьвярджаецца, што расьсьледаваньне паказала, што гэтыя вайскоўцы «захапілі ў закладнікі бяззбройных мірных жыхароў, марылі іх голадам і смагай, трымалі на каленях са зьвязанымі рукамі і закрытымі вачамі і зьдзекаваліся зь іх», а таксама «рабавалі мясцовых жыхароў, забіраючы асабістыя рэчы і „трафэйную“ бытавую тэхніку». Па словах Венядзіктавай, правяраецца і іх дачыненьне да забойстваў.
Выданьне «Агентство» зьвязалася з дваімі людзьмі, прозьвішчы якіх названы ў сьпісе ўкраінскай пракуратуры — Дзьмітрыем Сергіенкам і Сяргеем Пескаровым. Абодва яны сказалі, што служылі ў 64-й мотастралковай брыгадзе, але ўжо некалькі гадоў як звольніліся з войска. Пра тое, што яе муж даўно ня служыць і ў Бучы ня быў, сказала і жонка яфрэйтара Міхася Кашына.
У пачатку красавіка, пасьля таго, як з Бучы выйшлі расейскія войскі, украінскія ўлады і журналісты паведамілі пра мноства трупаў цывільных на вуліцах гораду, а таксама аб брацкай магіле зь дзясяткамі пахаваных. У тым ліку былі знойдзены і забітыя са зьвязанымі рукамі. Жыхары загінулі падчас знаходжаньня ў Бучы расейскіх войскаў. Улады Ўкраіны і краін Захаду абвінавацілі расейскіх вайскоўцаў у ваенных злачынствах, гучыць і слова «генацыд».
Мінабароны Расеі назвала фатаздымкі і відэаматэрыялы з забітымі мірнымі жыхарамі ў Бучы пад Кіевам «пастаноўкай кіеўскага рэжыму для заходніх СМІ». Аб «правакацыі» заяўляе і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.