Віцэ-прэм’ер Украіны расказаў, як жыхары вёскі ля Кіева ўратавалі сталіцу ад акупацыі

Зруйнаваны мост праз раку Ірпень каля Кіева
Зруйнаваны мост праз раку Ірпень каля Кіева

Цяпер жыхары Дзямідава змагаюцца з наступствамі моцнай паводкі, але ніхто не шкадуе, што затапілі сваю вёску, каб па ёй не прайшлі расейцы.

Віцэ-прэм’ер-міністар Украіны Міхайла Фёдараў расказаў, як жыхары вёскі Дзямідаў на поўначы Кіеўскай вобласьці затапілі яе, каб не прайшлі расейскія войскі.

«Затапленьне вёскі ўратавала Кіеў ад акупацыі. На фатаздымках відаць, як вада паглынула дамы многіх жыхароў вёскі Дзямідаў, што на поўнач ад Кіева», — напісаў Міхайла Фёдараў у сваім тэлеграм-канале.

«Украінцы затапілі вёску разам зь велічэзнымі палямі навокал, стварылі балота, якое павялічыла ўкраінскай арміі час для падрыхтоўкі абароны Кіева. Цяпер жыхары змагаюцца з наступствамі моцнай паводкі, але „ўсе разумеюць, і ніхто не шкадуе пра гэта ні на хвіліну“, як сказала пэнсіянэрка Антаніна Кастучэнка.

„Мы ўратавалі Кіеў!“, — кажа яна з гонарам», — дадаў віцэ-прэм’ер Украіны.

Вёска Дзямідаў — за 29 км ад Ірпяня, за 6 км ад вёскі Казаравічы і за 7 км ад вёскі Дымер, якія былі акупаваныя расейскай арміяй да канца сакавіка. Да Кіева ад Дзямідава — 46 км.

Віцэ-прэм’ер-міністар Украіны Міхайла Фёдараў не ўдакладніў, якім чынам жыхары затапілі сваё паселішча. Але непадалёк ад яго — дамба, што аддзяляе вёску ад ракі Ірпень.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

​
XS
SM
MD
LG