Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«24 лютага вайна, 25-га споўнілася васямнаццаць, а 26-га запісаўся добраахвотнікам». Гутарка з байцом батальёну Каліноўскага Глебам Гунько


Глеб Гунько
Глеб Гунько

Беларус Глеб Гунько на днях вярнуўся з фронту. У баях на поўдні Ўкраіны ён атрымаў кантузію і посттраўматычны сындром. Пасьля нядоўгай рэабілітацыі ён зьбіраецца вяртацца назад на «перадок», на ваенным слэнгу так называецца першая лінія фронту. Глеб — самы малады баец батальёну Каліноўскага. 

У вялікай гутарцы са Свабодай Глеб расказаў пра размову з Карпянковым на Акрэсьціна, патлумачыў матывацыю абараняць Украіну, а таксама падзяліўся ўражаньнямі ад убачанага ў вызваленай Бучы.

«Карпянкоў вучыў любіць прэзыдэнта і краіну»

— Глеб, раскажыце крыху пра сябе.

— Мне васямнаццаць гадоў. Пасьля 2020 году жыў у Польшчы, дзе атрымаў статус уцекача. У Беларусі займаўся актывізмам з 13-гадовага ўзросту. Тады мой бацька, вядомы журналіст Зьміцер Галко, вазіў мяне ў Курапаты, я стаў цікавіцца гэтай тэмай. Быў валянтэрам у міжнародным цэнтры грамадзянскіх ініцыятываў «Наш дом». Калі былі затрыманьні сяброў арганізацыі летась, то да мяне дадому таксама прыходзіў ГУБАЗіК, праводзіў ператрусы.

— Чаму ў 2020-м вы былі вымушаныя зьехаць з краіны?

— 10 жніўня мяне затрымалі і даставілі на Акрэсьціна, там білі. У ізалятары я прабыў ня так доўга, бо быў на той момант непаўналетнім. Мяне трымалі ноч у на каленях і ў кайданках, калі засынаў, то лупілі прыкладамі. Да нас тады прыходзіў асабіста кіраўнік ГУБАЗіКу Мікалай Карпянкоў, які прымушаў здымаць бел-чырвона-белыя стужкі. Дакапаўся да мяне за тату (у мяне набіта фраза Born Free – «Народжаны свабодным»). Карпянкоў спытаў, што гэта значыць, а калі я адказаў, пачалася лекцыя, як трэба любіць прэзыдэнта і краіну.

Далей я таксама стараўся выходзіць амаль на кожную акцыю, хаця не заўсёды атрымлівалася праз занятасьць па вучобе. Кожная акцыя — гэта моцнае падняцьце духу.

— Гэта мела наступствы?

— Амаль адразу па вызваленьні прыйшла позва ў ваенкамат на 16 верасьня, там са мной правялі прафіляктычную гутарку і паставілі на ўлік. Таксама была позва ў камісію ў справах непаўналетніх. Мы вырашылі, што ня трэба чакаць, чым гэта можа скончыцца, таму экстрана выехалі з краіны. Выяжджаў разам з братам.

— А дзе вы жылі ў Польшчы?

— Спачатку вывучалі мову ў Варшаве. Потым вучыліся ў ліцэі гораду Груец пад Варшавай. Калі быў вольны час, падпрацоўвалі: то на будоўлі, то баршчэўнік капалі. На жыцьцё гэтага хапала.

Глеб Гунько
Глеб Гунько

«Украінка ўцякла, калі пачула, што я зь Беларусі»

— Як вы сустрэлі пачатак вайны?

— Калі яшчэ толькі сталі гаварыць, што на Ўкраіну рыхтуецца напад, то я напісаў пост у фэйсбуку: у выпадку расейскай агрэсіі, калі яны пяройдуць межы, то я адразу еду туды на дапамогу ўкраінскім братам. 24 лютага пачалася вайна, 25-га мне споўнілася васямнаццаць, а 26-га я ўжо запісаўся добраахвотнікам. Тады яшчэ не было батальёну Кастуся Каліноўскага.

— Ніхто не адгаворваў вас ад такога рашэньня?

— Зь першай групай беларусаў я не пасьпеў выехаць – праходзіў курсы мэдыцынскай падрыхтоўкі і стральбы. Мяне адгаворвалі і палякі, зь якімі я кантактаваў, і родныя. Але я прыняў такое рашэньне і стаяў на ім. Аб гэтым зусім не шкадую.

— Для чаго вам патрэбна сёньня быць ва Ўкраіне, якая ваша матывацыя?

— Калі ў Польшчы зьявіліся першыя ўцекачы, то я ўбачыў дзяўчыну з Украіны, якая спрабавала нешта патлумачыць прадаўцу ў краме. Я ведаю і расейскую, і польскую мову, таму пастараўся ёй дапамагчы, потым выклікаць таксі. Яна спыталася, зь якой я вобласьці Ўкраіны. Адказаў, што зь Беларусі. Дзяўчына вырвала ў мяне з рукі паперку з нумарам тэлефона і проста ўцякла, яна глядзела на мяне вачыма, поўнымі нянавісьці. Гэта яшчэ раз пераканала мяне, што я мушу ехаць.

Глеб Гунько зь беларускім палітыкам Анатолем Лябедзькам
Глеб Гунько зь беларускім палітыкам Анатолем Лябедзькам

«Ад трэніровак „Азова“ браў мандраж»

— Калі вы апынуліся ва Ўкраіне?

— 9 сакавіка прыехалі ў Львоў з групай беларусаў. Там мы чакалі цягніка на Кіеў. У сталіцы трапілі спачатку ў «Азоў», а потым падпісалі кантракты з УСУ. Можна сказаць, сталі больш легальнымі.

— «Азоў» мае рэпутацыю добра падрыхтаваных да вайны салдатаў. Ці ўразіла вас іх падрыхтоўка?

— Вядома! Калі прыяжджаеш, то яшчэ вельмі «сыры», бачыш гэтыя трэніроўкі «Азова» – і бярэ мандраж. Але ў добрым сэнсе, бо я разумеў, што неўзабаве буду такім самым, як яны. У мяне не было дэматывацыі, што я нічога ня ўмею на іхным фоне. І любыя ўласныя посьпехі моцна падымаюць дух.

— Вы маеце добрую фізычную падрыхтоўку?

— Так, я займаўся спортам, ММА (Mixed martial arts. – Рэд). Да гэтага займаўся тайскім боксам, быў вылучаны ў кандыдаты на майстра спорту.

«Сыч падобны да мяне характарам»

— Вы самы малады баец батальёну Каліноўскага?

— Так, праўда.

— Які ваш пазыўны?

— «Сыч». Ёсьць такая птушка, характарам падобная да мяне. Яна маленькая (я таксама невялікі), назіральная вельмі і спакойная. Я характарызую сябе падобным чынам.

— Як вас прынялі іншыя хлопцы з батальёну?

— З тымі, з кім я прыехаў, цяпер знаходзімся на «перадку». Мы выдатна ладзім, добрая каманда. Адзін у адным не сумняваемся. Мы разумеем, што маем узровень; разумеем, як вядзецца бой. І ў выпадку чаго я ўпэўнены, што маю сьпіну прыкрыюць.

Беларускія добраахвотнікі ва Ўкраіне
Беларускія добраахвотнікі ва Ўкраіне

«У Бучы бачыў, як ляжыць чалавек без галавы, а побач бегаюць дзеці»

— У якіх апэрацыях вам даводзілася ўдзельнічаць?

— Мабыць, ужо не сакрэт, што мы ўдзельнічалі ў вызваленьні Бучы. Калі мы заяжджалі ў горад, то было страшна. І страшна нават не ад магчымых сутыкненьняў з расейцамі, а ад таго, што яны пакінулі пасьля сябе. Мы едзем па дарозе, бачу, што ляжыць без галавы мужчына, які ехаў на ровары, побач зь ім другі, з прастрэленай галавой. А вакол іх бегаюць дзеткі, якія махаюць нам рукамі. Пасьля гэтага я пераканаўся яшчэ раз, што раблю ўсё правільна і знаходжуся там, дзе мушу знаходзіцца. Мы ўяжджалі першай групай, людзі да канца не разумелі, хто мы такія, чые гэта войскі. Быў выпадак, калі нашых хлопцаў спыніў дзед з абрэзам, і запытаўся, ці мы не расейцы.

— Ці можаце вы патлумачыць гэтую жорсткасьць у Бучы?

— Уражаньне, што там пабывалі армейскія «дзяды», якія лічаць, што ім усё можна. Яны азьвярэлыя, сядзелі ў сваіх казармах некалькі гадоў, адчувалі ўладу. У Бучы яны ўбачылі бяззбройных людзей, зь якіх можна зьдзекавацца, рабіць што заўгодна, таму сабе такое дазвалялі. Мабыць, у іх была задача перайсьці на самазабесьпячэньне, таму гэтыя крадзяжы, марадэрства. У іх быў карт-блянш на ўсё, разумелі, што іх ніхто не кантралюе.

«Па мне працаваў снайпэр»

— Наколькі ведаю, вас потым перакінулі на поўдзень Украіны. Што ўбачылі там? Чаму ў расейцам атрымліваецца прасоўвацца ў тым кірунку?

— Там ёсьць людзі, якія вераць расейскай прапагандзе. Я знаходзіў там падручнікі выдавецтва «Русский мир». Але хіба такіх меншасьць. Людзі на вуліцах заўжды табе ўсьміхнуцца, памахаюць рукой, скажуць «дзякуй». Посьпехі Расеі нязначныя, літаральна на днях атрымалася адбіць некалькі сёлаў, і я думаю, мы будзем рухацца далей. Посьпехі ў нас ёсьць, і яны неблагія.

— Як вы атрымалі кантузію?

— Хутчэй гэта посттраўматычны сындром. Па нас доўгі час працаваў спачатку мінамёт, а потым БМП. Снарад упаў літаральна за паўтара мэтра ад мяне, я страціў прытомнасьць на нейкі час. Потым была каманда паўзьці, тады я зразумеў, што са мной ня ўсё ў парадку. Калі былі ў больш-менш бясьпечным месцы, пачуў нейкія галасы ў галаве. Напярэдадні эвакуацыі я спаў, а калі прачнуўся, то пачуў, што да нас ідуць з наступам, вылез з аўтаматам. Таварыш, які быў са мной, супакоіў, што нічога такога няма.

Абсьледаваньне паказала, што ў мяне посттраўматыка і патрэбен нейкі час, каб усё прыйшло ў норму. Я сябе адчуваю ўжо выдатна. Праўда, калена троху траўмаванае, бо ўпаў на асколкі, калі скакаў у роў пры адступленьні. Па мне таксама працаваў снайпэр, але такі дылетант! Калі б гэта быў прафэсіянал, то ніхто б не зразумеў нават нічога, а тут усе бачылі, што гэта дылетант.

— Ці ня думалася ў такія моманты, што гэта можа быць канец?

— Я маральна падрыхтаваны. Разумею, што знаходжуся на вайне. І тут можа адбыцца што заўгодна. Тут два варыянты: альбо ты выконваеш задачу, думаючы сваёй галавой і зважаючы на каманды, альбо дзейнічаеш у паніцы. У другім выпадку, калі людзі пачынаюць думаць, што зараз загінуць, то пачынаюць бегаць без разбору, менавіта ў такія моманты іх забіваюць. Яны проста не кантралююць сябе. На шчасьце, у мяне атрымалася з гэтым справіцца. Сьмерць — гэта натуральная зьява, яе пазьбегнуць немагчыма, я спакойна стаўлюся да гэтага.

Глеб Гунько з паплечнікам
Глеб Гунько з паплечнікам

«Матывацыя — пайсьці вызваляць Беларусь»

— Глеб, а як украінцы цяпер ставяцца да беларусаў?

— Я не сустракаў ніводнага ўкраінца, тым больш вайскоўца, які б сказаў нешта кепскае. Усе разумеюць, што мы зь імі, у нас ёсьць агульны вораг. Яны нават не ўяўлялі, што столькі беларусаў прыедзе дапамагаць ім. Цяпер матывацыя — вызваліць Украіну і пайсьці вызваляць Беларусь. Мне здаецца, што такая матывацыя ў кожнага, з кім бы я не размаўляў.

— Які агульны настрой у батальёне?

— Баявы. Кожны разумее, што прыехаў на вайну. Навабранцы праходзяць інтэнсіўную падрыхтоўку, калі камандаваньне разумее, што яны гатовыя ехаць на «перадок», то іх адпраўляюць. Ніхто не пасылае на фронт тых, хто ня ўмее трымаць зброю.

— Вас дастаткова хутка адправілі ваяваць.

— Я вельмі шмат вучыўся. Гэта неймаверныя намаганьні. За месяц мы прайшлі базавы курс – гэтага дастаткова для загартоўваньня ў баях.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG