Расея паабяцала «калідор» на «Азоўсталі» для цывільных асоб. Кіеў: «Дамоўленасьцяў па гуманітарных калідорах з „Азоўсталі“ сёньня няма».

абноўлена
Камбінат «Азоўсталь», красавік 2022
Камбінат «Азоўсталь», красавік 2022

Украінскі бок сумняваецца ў шчырасьці намераў расейцаў і засьцергае сваіх грамадзян ад вывазу ў Расею.

У Міністэрстве абароны Расеі 25 красавіка заявілі, што Ўзброеныя сілы Расеі і фармаваньні так званай «ДНР» а 14-й гадзіне спыняць баявыя дзеяньні для выхаду цывільных асоб, якія могуць знаходзіцца на «Азоўсталі».

«Для выхаду цывільных асоб з „Азоўсталі“, калі яны ёсьць на камбінаце, няма перашкод, акрамя прынцыповага рашэньня Кіева і нацфармаваньняў», — дадалі ў Мінабароны РФ, якое цытуе ТАСС.

У расейскім МЗС заявілі, што спыненьне баявых дзеяньняў для выхаду цывільных асоб — нібыта «вялікі жэст добрай волі» з боку Расеі. У Маскве заявілі, што полк «Азоў» нібыта ўтрымлівае людзей на «Азоўсталі» ў якасьці «жывога шчыта».

Таксама расейцы дэкляруюць, што цывільныя асобы могуць свабодна выбіраць, у які бок ім рухацца з Марыюпалю. Раней украінскі бок неаднаразова заяўляў, што людзей вывозяць з Марыюпалю і іншых гарадоў Украіны ў Расею прымусовым шляхам.

Віцэ-прэм’ер Украіны Ірына Верашчук засьцерагла жыхароў Марыюпалю ад даверу расейцам.

«Мы атрымалі інфармацыю, што паралельна з намі акупанты, магчыма, паспрабуюць арганізаваць уласны калідор для эвакуацыі ў Расею. Таму, калі ласка, будзьце ўважлівыя і пільныя. Не паддавайцеся на падман і правакацыі.

Наш калідор працуе выключна ў кірунку Запарожжа (праз Мангуш, Бярдзянск, Такмак, Арыхаў)».

Пазьней Ірына Верашчук паведаміла: «На жаль, дамоўленасьцяў аб гуманітарных калідорах з „Азоўсталі“ сёньня няма».

Украіна просіць ААН выступіць у якасьці гаранта такога калідора для Марыюпалю.

​
XS
SM
MD
LG