Генштаб Украіны: расейцы наступаюць на Данбасе, штурмуюць пазыцыі ля Харкава, але бяз посьпехаў

Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны заявіў, што расейцы канцэнтруюцца на атаках і наступах у Луганскай і Данецкай абласьцях, а таксама абстрэльваюць з артылерыйскіх і ракетных сыстэм Марыюпаль, Харкаў і ягоныя ваколіцы.

«Праціўнік вядзе наступальныя дзеяньні ва Ўсходняй апэратыўнай зоне з мэтай разгрому групоўкі Аб’яднаных сіл, усталяваньня поўнага кантролю над тэрыторыяй Данецкай і Луганскай абласьцей і забесьпячэньня сухапутнага шляху паміж гэтымі тэрыторыямі і акупаваным Крымам», — паведамілі ў Генштабе Ўкраіны.

У ноч на 25 красавіка ва ўсіх, за выключэньнем Херсонскай вобласьці, рэгіёнах гучала паветраная трывога.

24 красавіка дзевяць расейскіх ракет пацэлілі ў Крэменчуцкую ЦЭЦ і нафтаперапрацоўчы завод. Як паведамілі ўлады Палтаўскай вобласьці, адзін грамадзянін загінуў і 7 атрымалі раненьні.

Кіраўнік вайсковай адміністрацыі Крывога Рогу Днепрапятроўскай вобласьці Аляксандар Вілкул у эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону заявіў, што расейскія войскі рыхтуюць наступ на Крывы Рог.

«Вораг праводзіць фармаваньне наступальнай ударнай групоўкі па нашым кірунку ў бок Херсонскай вобласьці. Найбліжэйшымі днямі мы чакаем іхнага магчымага пераходу ў наступ. Але мы ведаем пра іх больш, чым яны думаюць. Мы пабудавалі глыбокаэшалонную абарону і ўмацаваныя раёны», — заявіў Аляксандар Вілкул.

Паводле брытанскай выведкі, «Расея дабілася невялікіх посьпехаў у некаторых абласьцях з таго часу, як сфакусавалася на поўнай акупацыі Данбасу. Аднак без дастатковых сродкаў тылавога і баявога забесьпячэньня аб значным прарыве казаць пакуль рана.

Рашэньне Расеі аблажыць, а не атакаваць «Азоўсталь» азначае, што многія падразьдзяленьні вымушаныя застацца ў Марыюпалі і ня могуць быць перадыслякаваныя. Украінскія абаронцы гораду таксама зьнясілілі многія расейскія падразьдзяленьні і зьнізілі іхную баяздольнасьць».

​
XS
SM
MD
LG